Беларуская мова
- мова беларусаў і некаторых іншых прадстаўнікоў аўтахтоннага насельніцтва Ўсходняй
Еўропы, а таксама часткі беларускай дыяспары, якая ідэнтыфікуе сябе з беларусамі.
Генетычна адносіцца да ўсходняй групы славянскіх моў, разам з украінскай і расейскай.
Выкарыстоўваецца на тэрыторыі незалежнай дзяржавы Беларусь (афіцыйная назва – Рэспубліка Беларусь), а таксама суседніх дзяржаў - Літвы, Латвіі, Расейскай федэрацыі, Украіны, Польшчы. Агульная колькасць носьбітаў беларускай мовы ў яе стандартызаваных і дыялектных формах, разам з тымі, хто выкарыстоўвае змешаныя варыянты на беларускай аснове (т. зв. трасянку), прыблізна можна ацаніць у 8-9 мільёнаў. Згодна з апублікаванымі дадзенымі перапісу насельніцтва 1999 года ўсяго з 8,159,1 тыс. беларусаў у межах Рэспублікі Беларусь назвалі сваёй роднай мовай беларускую 85,6% (каля 7 млн.), і 41,3% - мовай, якой яны карыстаюцца дома. Акрамя таго, сваёй роднай мовай прызналі беларускую 67,1% з 395,7 тыс. палякаў, якія пражываюць у Беларусі, 57,6% з іх размаўляюць дома па-беларуску. Колькасць тых, хто размаўляе па-беларуску за межамі Беларусі ацэньваецца вельмі прыблізна. У асноўным гэта аўтахтоннае сельскае насельніцтва паўночнага ўсходу Польшчы (паводле розных ацэнак ад 150 да 250 тыс.), паўднёвага ўсходу Літвы (каля 150 тыс.), вобласці правінцыі Латгаліі ў Латвіі (каля 100 тыс.), поўдня Пскоўскай, заходніх раёнаў Смаленскай і Бранскай абласцей Расейскай Федэрацыі і прылеглых да Беларусі раёнаў Украіны (дакладныя дадзеныя адсутнічаюць). Цяжкасці пры вызначэнні колькасці носьбітаў беларускай мовы ў розных яе формах і варыянтах звязаныя з разыходжаннем навуковых крытэрыяў аднясення апошніх да беларускай мовы і суб'ектыўнай ацэнкай свайго маўлення ўласна карыстальнікамі названых варыянтаў (так, напрыклад, жыхары Літвы, якія выкарыстоўваюць у паўсядзённым жыцці т.зв. простую мову, не адносяць яе да беларускай мовы, хоць лінгвісты кваліфікуюць гэты ідыём як звычайнае дыялектнае маўленне, вельмі блізкае да арэальнай асновы беларускай літаратурнай мовы). Дыяспару складаюць перасяленцы з беларускіх земляў (у рамках былога СССР іх колькасць больш 1,5 млн., з іх у Расеі - каля 1 млн., ва Ўкраіне - каля 400 тыс., Казахстане - 170 тыс., Латвіі - каля 60 тыс., Літве - 50 тыс., Эстоніі - 25 тыс. і г.д.), а таксама эмігранты на Захад (ЗША, Канада, Вялікабрытанія і іншыя краіны), агульная колькасць якіх ацэньваецца ў 3-3,5 млн. З іх, відаць, не больш за 15% у той ці іншай ступені карыстаюцца беларускай мовай.
Значныя міграцыі носьбітаў беларускай мовы назіраліся на працягу ўсёй
гісторыі фармавання беларускага народа і нацыі. У 16 ст. яны былі звязаныя з
прымусовым перасяленнем вялікіх масаў насельніцтва на ўсход у выніку ваенных
паходаў кіраўнікоў Маскоўскага княства, а пазней - Расейскага царства на землі
Вялікага Княства Літоўскага, у рамках якога
носьбіты беларускай мовы складалі адну з асноўных моўных груп, а старабеларуская
мова была афіцыйнай мовай дзяржавы. Міграцыі носьбітаў беларускай мовы на поўнач
і ўсход еўрапейскай часткі Расеі, на землі Сібіры і Далёкага Ўсходу ў канцы 19- пачатку 20 ст. былі
выкліканыя эканамічнымі прычынамі (недахоп зямлі ў Беларусі). Да гэтага часу
захаваліся анклавы беларускамоўнага насельніцтва (асабліва
ў раёнах Томска, Навасібірска, Іркуцка і інш.). Але там адсутнічае, за малым
выключэннем, беларуская нацыянальная свядомасць. Сляды гэтых міграцый захаваліся
ў назвах этнічных групаў тыпу літва, паны, могілі, будакі
і пад. Паводле некаторых дадзеных у Сібір з 1896 па
1912 г. мігравалі больш за 700 тыс. чалавек. Найбольш значнае
перамяшчэнне носьбітаў мовы на ўсход у час 1-й Сусветнай вайны было звязана
з т. зв. бежанствам, калі большая частка насельніцтва заходніх беларускіх земляў
прымусова ці пад уплывам расейскай прапаганды, якая малявала жахлівыя сцэны
здзекаў з боку германскіх войскаў, вымушана была пакінуць родныя месцы і перасяліцца
ў іншыя раёны Расейскай імперыі. Большасць з іх здолела вярнуцца дадому
толькі к пачатку 20-х гадоў. Усходнія і цэнтральныя раёны Беларусі згубілі частку
карэннага беларускамоўнага насельніцтва ў выніку сталінскіх рэпрэсіяў 30-х гадоў,
калі былі фізічна знішчаныя ці высланыя па-за межы
Беларусі дзесяткі тысячаў людзей. Пасля 2-й Сусветнай вайны, якая таксама сталася адным з чыннікаў агульнага змяншэння носьбітаў
мовы ў выніку стратаў і перасоўвання часткі насельніцтва на Захад. Доўгія гады
Беларусь была рэзервуарам працоўнай сілы для індустрыйнага й сельскагаспадарчага
асваення ўсходніх земляў СССР, што прыводзіла да адрыву ад моўнага асяродка
і русіфікацыі беларускамоўнага насельніцтва. Другім
фактарам, што паўплываў на змянэнне колькасці носьбітаў беларускай мовы стала
ўнутраная міграцыя -- перамячэнне значных масаў насельніцтва ў пасляваенны час
з вёсак у гарады, што таксама вяло да русіфікацыі, а на этнічных беларускіх землях у Польшчы -- да паланізацыі,
паколькі ў гарадах на той час прэстыжныя пасады ўжо былі занятыя некарэнным
насельніцтвам.
Такім
чынам, колькасць беларускамоўнага насельніцтва
ў 20-м стагоддзі няўхільна скарачалася ў
выніку фізічных стратаў носьбітаў мовы і іншамоўнай
асіміляцыі. Гэтая тэндэнцыя захоўваецца і пасля развалу камунізму з прычыны
склаўшыхся стэрэатыпаў моўных паводзінаў і адсутнасці эфектыўнай падтрымкі беларускай
мовы з боку дзяржавы.
Сучасная моўная сітуацыя
характарызуецца функцянаваннем беларускай мовы ў яе літаратурнай (стандартнай)
форме, у выглядзе народна-дыялектнага маўлення, розных варыянтаў гарадскога
прастамоўя і мяшаных (крэалізаваных) варыянтаў маўлення на беларускай аснове.
Гэта звязана з тым, што адначасова на той жа тэрыторыі ў якасці стандартнай
мовы ў афіцыйнай, і часткова ў бытавой сферы, функцыянуе расейская мова. З генетычнага
погляду тэрыторыя беларускай мовы дзеліцца на два вялікія дыялектныя масівы
– паўночна-ўсходні і паўднёва-заходні
дыялекты. Акрамя таго, на поўдні моўнай тэрыторыі вылучаецца паласа архаічных
палескіх гаворак (што ў рознай ступені ахопленыя ўкраінскімі і беларускімі моўнымі
інавацыямі), якая ўтварае"буферную" зону.
З арэльнага пункту гледжання тэрыторыя беларускай мовы падзяляецца на пяць зонаў,
якія адлюстроўваюць вынікі пазнейшых інтэграцыйных працэсаў: усходнюю, заходнюю,
паўднёва-ўсходнюю, паўночна-заходнюю і сярэднюю (цэнтральную).(гл.
дыялектную мапу). Істотным ёсць той факт, што дыялектны падзел і
арэальны не супадаюць, паколькі яны адлюстроўваюць супрацьлеглыя кірункі развіцця
мовы – яе дыялектную дыферэнцыяцыю й зонную інтэграцыю. Суадносна з гэтым арэльнай
базай беларускай літаратурнай (стандартнай) мовы, паколькі апошняя склалася
ў выніку кансалідацыі асноўных тэрытарыяльных утварэнняў, з’яўляюцца гаворкі
паміж Вільняй і Менскам, г. зн. лакалізуецца ў межах т. зв. цэнтральнай
зоны. Паводле вызначэння першага кадыфікатара новай літаратурнай (стандартнай)
мовы Браніслава Тарашкевіча ў "Беларускай граматыцы для школ"
(Вільня, 1918): “у аснове ляжыць найбольш характэрная і найбольш
чыстая гаворка беларускай мовы, якая мае цвёрдае р і вялікае аканне (пад апошнім маецца на ўвазе пераход о, э > а ў ненаціскным становішчы).
На працягу 20-га ст. назіралася паступовае
пашырэнне народна-дыялектнай асновы стандартнае мовы і яе перасоўвання на паўднёвы
ўсход, што знайшло адлюстраванне ў змене некаторых нормаў, найперш у фанетыцы
й марфалогіі стандартнай мовы (напрыклад, у спрашчэнні правілаў перадачы на
пісьме т. зв. якання – перахода
е, ё > я ў першым складзе перад
націскам; замене канчаткаў -ох,
-ом на -ах, -ам у месным і давальным склонах множнага ліку назоўнікаў
і інш.). Часткова гэта была выклікана перамяшчэннем цэнтра культурна-эканамічнага
жыцця з Вільні (стары беларускі культурна-гістарычны цэнтр) у Менск, а часткова
ўплывам палітычных фактараў (уключэннем частак этнічнай тэрыторыі ў розныя дзяржаўныя
ўтварэнні, штучная арыентацыя на збліжэнне з расейскай мовай, якая выступала
ў якасці асноўнага сродка "межнационального общения"
ў рамках былога СССР і т. п.). Вынікам змены арэальнай базы сталася функцыянаванне
двух варыянтаў пісьмовай стандартнай мовы: арыентаванага на старыя нормы (т. зв.
клясычны варыянт, “тарашкевіца”) і таго, што склаўся ў выніку згаданых вышэй
працэсаў (афіцыйны варыянт, “чарнушэвіца” ці “наркамаўка”).
Разыходжанне варыянтаў назіраецца пераважна ў правапісе
(гл. ніжэй). На марфалагічным і, асабліва, на лексічным узроўнях назіраецца
заўважная “дыфузія” варыянтаў. У сферы вуснага маўлення розніца ў варыянтах
нязначная і звязаная з большым ці меншым уплывам расейскай мовы, якая працягвае
быць адным з важнейшых ідыёмаў, што характарызуе сучасную моўную сітуацыю, асабліва
ў гарадах. Узаемадзеянне дзвюх моўных сістэмаў (беларускай, якая рэпрэзентаваная
ў народна-дыялектнай і прастамоўнай форме, і расейскай, якая мае выражэнне ва
ўніфікаваным “каланіяльным” варыянце) часта вядзе да прадукавання мяшанай мовы
на беларускай аснове (“трасянка”). Ступень крэалізацыі згаданага фенамена залежыць
ад многіх суб’ектыўных і аб’ектыўных фактараў (умовы камунікацыі, узровень білінгвальнасці,
сацыяльнае становішча ўдзельнікаў і г. д.) і выяўляецца на ўсіх моўных узроўнях,
з якіх найбольш устойлівай застаецца беларуская фанетыка (цеканне/дзеканне,
“цвёрдае” вымаўленне шыпячых і р,
фрыкатыўнае г і пад.).
Арэальная база стандартнай мовы лакалізуецца на паўночным-захадзе
беларускай моўнай тэрыторыі і ўключае частку сярэднебеларускіх гаворак, якія
арганічна аб’ядноўваюць у сваёй структуры некаторыя асаблівасці двух асноўных
беларускіх дыялектаў – паўночна-ўсходняга і паўднёва-заходняга. Сярод такіх
рысаў трэба назваць поўнае аканне, пад якім разумеецца супадзенне галосных а,
о, е
ў ненаціскных складах у адным гуку а,
што ўяўляе сабой пэўны кампраміс паміж няпоўным аканнем, што характэрна для
асноўнага масіва паўднёва-заходняга дыялекта, дзе апошняе абмежавана оканнем
у становішчы па-за націскам (напрыклад, сено,
добро і пад.), і дысімілятыўным аканнем,
характэрным для паўночна-ўсходняга дыялекта, у якім рэалізацыя поўнага акання
у ненаціскным становішчы абмежаваная з’явай дысіміляцыі (г. зн. залежыць ад
характару наступнага націскнога галоснага: въдa, але вады, вадзе, ваду; сціна, але сцяны, сцяне, сцяной). Своеасаблівым кампрамісам паміж
двума асноўнымі дыялектамі ёсць наяўнасць цвёрдага р у стандартнай мове, у той час як на частцы тэрыторыі аднаго і другога
дыялектаў захоўваецца супрацьпастаўленне р - р'. Іншыя асаблівасці аб’ядноўваюць арэальную базу стандартнай мовы і яго пісьмовага
ідыёма (афіцыйны варыянт) з адным ці другім дыялектнымі масівамі. Паўночна-ўсходнімі
асаблівасцямі пісьмовага стандарту ёсць: доўгія зычныя на месцы спалучэнняў
“мяккі зубны + j” (соллю,
смецце, сучча і пад.); кароткія канчаткі творнага склону адзіночнага
ліку назоўнікаў з асновай на –а (сцяной, мяжой, зямлёй); канчатак -ы(-і) у назоўным склоне множнага ліку назоўнікаў (нажы,
вокны, кавалі, жонкі, хусткі); канчатак прыметнікаў у месным склоне адзіночнага ліку мужчынскага
і ніякага роду -ым (аб маладым чалавеку,
на цёмным небе);
Беларуская мова
ў фанетычна-фаналагічным плане ёсць адной з найбольш акамадуючых славянскіх
моваў. Калі пад акамадацыяй разумець узаемнае дапасаванне гукаў і іх спалучэнняў
пры маўленні. Найбольш яскравая праява гэтай асаблівасці – з’ява дзекання
і цекання, г. зн. з’яўленне афрыкатаў на месцы мяккіх д',
т', пры гэтым мяккасць параджае “свісцячы” элемент,
які ёсць своеасаблівым мастком, што аб’ядноўвае суседнія гукі ці прыводзіць
да “згасання” гука ў становішчы перад паўзай (дзеці, цётка, ісці, стаяць). Тэндэнцыяй да акамадацыі ў гістарычным
плане можа тлумачыцца і з’яўленне афрыкаты дж на месцы этымалагічнага спалучэння *dj (агароджа, хаджу), доўгія зычныя на месцы этымалагічных
спалучэнняў з
Як агульнае правіла (з невялікім выключэннем) можна адзначыць,
што ў рамках слова і акцэнтных груп цвёрдыя зычныя спалучаюцца з цвёрдымі, а
мяккія толькі з мяккімі. Гэта вядзе да таго, што ў маўленні значнасць акамадацыі
яшчэ больш павялічваецца ў сувязі з актыўнасцю працэсаў рэгрэсіўнай асіміляцыі:
сцяна [с'ц'ана], снег [с'н'ех], з ім
[з'jiм], без яго [без' jагo], аддзел [адз':ел], рассцілаць
[рас':ц'ілац']. Аднак у гісторыі мовы заўважны і адваротны
працэс – выпадзенне з мяккаснай карэляцыі гукаў р, ж, ч, ш, дж, дз, ц. 13 пар зычных фанем утвараюць карэляцыю па
глухасці/звонкасці: /b-p, b'-p', γ-x, γ'-x', g-k, g'-k', d-t, dz-c, dz'-c',
dz-c, z-s, z'-s', z-s/.
Па-за межамі гэтай карэляцыі ў беларускай мове застаюцца /v, v', f, f'/ у сувязі з тым, што /v,
v'/ чаргуюцца
з напаўгалосным /ŭ/: трава
- у траве - траўка. Аднак у некаторых выпадках можна казаць пра азванчэнне /f/ > /v/ і наступным пераходзе ў /ŭ/, што адлюстравалася ў напісанні
Аўганістан у класічным варыянце беларускай стандартнай
мовы, што адпавядае вымаўленню імя ўласнага і ў афіцыйным варыянце (пішацца
Афганістан). У беларускай мове дзейнічае агульнае
правіла: у адным складзе могуць быць ці толькі звонкія, ці толькі глухія гукі,
што таксама можна тлумачыць тэндэнцыяй да акамадацыі. Фанемы /l, l', m, m', n, n', r, j/ не ўтвараюць карэляцыйных пар
па глухасці/ звонкасці і маюць тэндэнцыю ўжывацца ў непасрэдным суседстве з
галоснымі. Шэрагу суседніх славянскіх і неславянскіх моў беларуская мова супрацьпастаўляецца
наяўнасцю фрыкатыўнага гука г (гара,
нага, гума).
Выбухны g мае месца ў невялікай колькасці запазычанняў,
напрыклад, ганак [ganak], якое запазычана з нямецкага
Gang 'калідор, праход'
праз польскае ganek, а таксама ў некаторых формах і экспрэсіўных
славах: мазгі [мазg'і], гергятаць
[g'ерg'атaц'].
У сістэме вакалізма найбольш выражаная з’ява – аканне/
яканне, г.зн. супадзенне ненаціскных галосных о,
э, а ў адным гуку а, а таксама
галосных о, е, а з папярэднім мяккім зычным ці j у гуку а (на пісьме – я) у першым складзе перад націскам: гoры - гарa; рэкі - ракa; пaра
- паравoз; вёсны, веснавы - вяснa; ён - ягo,
яйка - яeшня і пад. Гэта прыводзіць да таго, што ў націскным
і ненаціскным становішчы набор галосных рэзка супрацьпастаўляецца ў колькасным
плане, а ў асобных словах і іх формах назіраецца кантраст паміж націскнымі,
з аднаго боку, і ненаціскнымі, з іншага, напрыклад: карoва, баравiк, каляiна, паляцeў,
зялёная і пад.
Асноўныя асаблівасці фанетыка-фаналагічнай сістэмы беларускай
мовы вельмі кантрастныя ў адносінах да многіх моў, якія ёсць крыніцамі запазычання.
Асабліва гэта тычыцца запазычанняў з нямецкай мовы, у якой адсутнічае карэляцыя
па мяккасці / цвёрдасці. У прыватнасці, наяўнасць у нямецкай аднаго
т. зв. сярэднееўрапейскага l на фоне супрацьпастаўлення беларускіх
л – л’ пры значнай колькасці запазычанняў з
германскіх моў (найперш з нямецкай і ідыш) стварыла пэўную арфаэпічную і правапісную
праблему ў працэсе адаптацыі запазычанняў. Большасць старых запазычанняў, якія
прыйшлі з Захаду і былі асіміляваныя, перадаюцца праз л’, напрыклад:
клямра (< ням. Klammer), бляха
(< ст.-в.-ням. blech), люфт (< ням.
Luft) и под., што
адлюстроўвае таксама польскае пасрэдніцтва. Нешматлікія выпадкі выкарыстання фанемы
л для перадачы нямецкага l тлумачацца названымі абставінамі,
параўн., напрыклад, лата жэрдка, якую прымацоўваюць да крокваў' (< польск.
lata < с.-в.-ням. latte). З іншага боку, запазычанні з нямецкай
пры пасрэдніцтве расейскай мовы даюць звычайна л (цвёрдае), у выніку
ўзнікае канкурэнцыя формаў з л і л’, якая адлюстравана ў двух
варыянтах стандартнай мовы, напрыклад, кляса
(< ням. Klasse) у класічным варыянце і клас у афіцыйным, што ў сваю чаргу стварае праблему
прыняцця і непрыняцця т. зв. лякання. Падобная праблема ўзнікае і пры перадачы
спалучэнняў з іншымі зычнымі, у першую чаргу з зубнымі д, т , і свісцячымі
с, з (першыя звычайна ў абодвух варыянтах выступаюць у цвёрдым выглядзе,
а для другіх ёсць актуальнай канкурэнцыя тыпу сыгнал ~ сігнал,
сыстэма ~ сістэма, сэзон ~ сезон і пад.). З іншах асаблівасцей кантрастуюць
намецкае выбухное g, якому звычайна адпавядае фрыкатыўнае
беларускае γ, якое, у сваю чаргу, часта ўжываецца для перадачы нямецкага
глухога h (параўн.,
напрыклад, гак < ням. Haken ‘крук, бусак’, гандаль
< ням. Handel).
У марфалагічным плане беларуская мова адносіцца да мовай
з моцна развітай флексійнай сістэмай, што прэзентуе паўночнаславянскі марфалагічны
тып, і якая ў значнай ступені кантрастуе з адпаведным паўднёваславянскім тыпам,
дзе назіраюцца аналітычныя тэндэнцыі. Сярод часцінаў мовы, якія адносяцца да
знамянальных, два супрацьлеглыя полюсы ў марфалогіі ўтвараюць назоўнікі і дзеясловы,
адносіны паміж якімі часта вызначаюцца паняццем кампенсаторнасці: чым болей
развітыя іменныя часціны мовы, тым бядней дзеяслоўная частка, і наадварот. З
гэтага пункту гледжання беларуская марфалогія дэманструе ўхіл у бок намінатыўнасці,
паколькі асноўныя сінтаксічныя функцыі ў сказе сігналізуюцца іменнымі флексіямі,
часта – у спалучэнні з прыназоўнікамі. У сістэме назоўніка сінтэз паказнікаў
граматычных катэгорыяў ажыццяўляецца ў канчатках словаформаў, пры гэтым часта
аднафанемны канчатак канцэнтруе ў сабе ўказанне на род, лік і склон, напрыклад:
канчатак –у ў словаформе вясн-у сведчыць пра ідэнтыфікацыю згаданай
формы з назоўнікам жаночага роду адзіночнага ліку ў вінавальным склоне. Паводле
тыпаў канчаткаў назоўнікі падзяляюцца на тры скланенні, арыентаваныя на іх родавыя
характарыстыкі, аднак поўнага супадзення з падзелам паводле роду не назіраецца.
Найбольш шырокае марфалагічнае адзінства – т. зв. першае скланенне – утвараюць
назоўнікі мужчынскага і ніякага роду з тыповымі для гэтых радоў паказнікамі
(назоўны склон адзіночнага ліку – чыстая аснова на зычны для назоўнікаў мужчынскага
роду і канчатак –o (-а), –ё (-е)
для назоўнікаў
ніякага роду). Варыянтнасць канчаткаў ва ўскосных склонах залежыць ад двух фактараў:
ад мяккасці ці цвёрдасці зычнага асновы і націска. Найвялікшую разнастайнасць
дэманструюць назоўнікі першага скланення ў месным склоне:тут акрамя цвёрдасці
/ мяккасці асновы і націска на характар канчатку ўплываюць гістарычныя фактары
– асобны статус сярод цвёрдых зычных шыпячых ж, ш, ч, дж, а таксама р, ц, якія раней уваходзілі ў мяккасную
карэляцыю (на свеце, у жыце,
на кані, на вяселлі, але на ветры, на сонцы), а таксама заднеязычных г, к, х. У апошнім выпадку асабліва часта
адбываецца ўзаемны ўплыў меснага і давальнага склонаў, які назіраецца і пры
іншых асновах, напрыклад: мурог - на
мурагу/ на мурозе; малако - у малаку/ у малацэ. У афіцыйным варыянце нарматыўнай граматыкі
ў гэтым выпадку прымяняюць семантычны крытэр – назоўнікі з канкрэтным прадметным
значэннем рэкамендуецца ўжываць з канчаткам -е (на снезе, на дасе), а назоўнікі, якія абазначаюць асобу, зканчаткам
-у (аб унуку, пры пчаляру,
пры Васілю, аб вучню). Але паколькі семантычныя крытэры дапускаюць элемент суб’ектывізма, то ў многіх
выпадках варыянтнасць непазбежная. Яшчэ больш наглядны выпадак – выкарыстанне
семантычнага крытэра для размежавання канчаткаў –а
(-я) і –у (-ю) ў родным склоне адзіночнага
ліку. Суіснаванне канчаткаў у гэтым выпадку часткова адлюстроўвае канкурэнцыю
двух дыялектных масіваў у структуры стандартнай мовы: на паўдёвым захадзе пераважае
канчатак –у (-ю),
на паўночным усходзе
– канчатак –а (-я), аднак у абодвух тыпах прысутнічаюць
два тыпы канчаткаў, г. зн. варыянтнасць мае арганічны характар. Фактычна гэтыя
марфалагічныя тыпы ў канкрэтным ужыванні імкнуцца да таго ці іншага лексіка-семантычнага
поля: адзінкавасці (унікальнасці) і канкрэтнасці пазначаемага паняцця ці множнасці
(сукупнасці) і абстрактнасці выказваемага паняцця. Спробы навязвання штучных
правілаў нармалізацыі вядуць толькі да абсалютызацыі аднаго з варыянтаў, што
ўяўляецца гвалтам над марфалагічнай сістэмай (параўн. у жывым вымаўленні: нашага
народа - многа народу; на працягу года - год ад году;
ліст клёна - стол з клёну). Да другога скланення адносяцца
назоўнікі жаночага роду з тыповым для назоўнага склону адзіночнага ліку канчаткам
–а (-я). Разнастайнасць канчаткаў у гэтым
тыпе скланенняў назіраецца ў меншай ступені і звязана, як і ў першым скланенні,
з якасцю зычнага асновы і націскам. Найбольш істотныя адрозненні адзначаныя
ў давальным і месным склонах, якія фармальна супадаюць, дзе супрацьпастаўляюцца
канчаткі –е (-э)
і –і (ы):
вясне, руцэ но зямлі, мяжы. Варыянтнасць у творным склоне (рукой/
рукою, працай/ працаю) адлюстроўвае ў пэўнай ступені двухдыялектнасць стандарту і выкарыстоўваецца
ў ім для надання плаўнасці маўленню. У трэцім скланенні аб’яднаныя розныя назоўнікі
жаночага роду з “нетыповай” для гэтага роду чыстай асновай на мяккі зычны (
частка з іх у назоўным склоне адзіночнага ліку страціла гэтую мяккасць). Іх
склонавыя канчаткі ва ўскосных склонах амаль такія ж, як у назоўнікаў другога
скланення з мяккай асновай і асновай на шыпячыя. Адрозненні адзначаны толькі
ў творным склоне. дзе ў выніку ўзаемадзеяння зычнага асновы (за выключэннем
губных зычных б, п, м, в, ф і зычнага р) з j у канчатку –jу ўзнікаюць у выніку фанетычнай акамадацыі
доўгія зычныя, аднак пры гэтым згаданым зычным павінен папярэднічаць галосны
(ценню, соллю, трэццю,
печчу, мышшу, але косцю, чвэрцю). Некаторыя іншыя назоўнікі з “нетыповымі” для свайго роду канчаткамі ў назоўным
склоне адзіночнага ліку (старшыня, мужчына,
бацька, сведка, імя, парася, дзіця і падобныя) скланяюцца паводле змешанага скланення,
пры гэтым назіраецца варыянтнасць, звязаная з супярэчнасцю формы і семантыкі,
напрыклад у творным склоне адзіночнага ліку: старшынёй/ старшынём. У
множным ліку назоўнікаў пэўная канфліктная сітуацыя, адлюстраваная ў супрацьпастаўленні
двух стандартных варыянтаў і дыялектных адрозненняў, якія стаяць за імі, назіраецца
адносна выкарыстання канчаткаў –оў
(-ёў), -аў (-яў), -ей (-эй) і “нулявога” канчатка ў родным
склоне (пячэй/печаў, саней/
саняў, радасцей/ радасцяў; школ/ школаў,
азёр/ азёраў, слоў/ словаў, год/ гадоў,
партызан/ партызанаў, цялят/ цялятаў). Спробы жорсткай рэгламентацыі выкарыстання названых канчаткаў
сустракаюць супраціў у моўнай практыцы, звязаны часта з пурыстычнымі тэндэнцыямі
(адпіхванне ад адпаведных расейскіх формаў). Пра канчаткі меснага склону множнага
ліку –ох (-ёх)
і –ах (-ях) як адлюстраванні зменаў у арэальнай
базе афіцыйнага стандарту гаворка ішла вышэй.
У сістэме прыметнікаў трэба адзначыць амаль поўную адсутнасць
у стандартнай мове кароткіх формаў. Прыметнікі, якія змяняюцца паводле займеннікавага
скланення, дэманструюць адрознасць канчаткаў абодвух стандартных варыянтаў ў
родным склоне адзіночнага ліку жаночага роду: -ай
(-яй), -ой (-ёй) у афіцыйным варыянце і –ае
(-яе), -ое (-ёе) у класічным варыянце (новай/ новае кнігі, дарагой/
дарагое матулі).
У сістэме займеннікаў трэба адзначыць j-авы пачатак у займеннікаў 3-й асобы, якія назіраецца ва ўсіх склонавых формах
(ён, яна, яно, яны,
яго, яе і г.д.), што перашкаджае з’яўленню прыстаўнога
н- у спалучэнні з прыназоўнікамі (у яго,
пры ім, параўн. рас. у него, при нём).
Выкарыстанне
інавацыйных формаў прыналежных займеннікаў, утвораных ад асабовых займеннікаў
3-й асобы: ягоны, ейны, іхні і пад., якія ёсць характэрнымі паўночна-ўсходняму
дыялектнаму масіву, падтрымліваецца пераважна класічным варыянтам стандартнай
мовы. У марфалогіі дзеяслова асноўную ролю адыгрываюць асабовыя формы, рэпрэзентаваныя
ў цяперашнім часе ў выглядзе двух спражэнняў, якія адрозніваюць паводле галосных
асновы. Для першага спражэння характэрная галосная –е (-э, -а), а для другога -і (-ы), якія выступаюць не ва ўсіх словаформах. Асабовыя дзеясловы цяперашняга часу
закончанага трывання маюць значэнне рэальнага будучага часу, а формы будучага
часу ад дзеясловаў незакончанага трывання ўтвараюцца аналітычным шляхам пры
дапамозе дзеяслова-звязкі быць: зраблю, але буду рабіць. Формы прошлага часу гістарычна ўзыходзяць да першага дзеепрыметніка
ў складзе перфекту і змяняецца толькі па ліках, а ў адзіночным ліку – і па радах:
чытаў, чытала, чыталі. Рэшткі плюсквамперфекту тыпу
быў зрабіў іперфекту тыпу
яго тут не быўшы ‘яго тут не было’ падтрымліваецца ў гутарковым маўленні дыялектным уплывам, які мае заходні
і паўночна-заходні кірунак.
У кантрасце з іншымі мовамі найбольшую цікавасць уяўляе
ўтварэнне параў паводле трывання. Граматычная катэгорыя трывання прадстаўлена
толькі ўпарах, якія ўзніклі ў выніку імперфектывацыі, г.з. утварэння формаў
незакончанага трывання ад дзеясловаў закончанага трывання праз змену асновы
слова, параўн. назваць - называць,
рассыпаць – рассыпaць. Толькі ў гэтым выпадку можна казаць пра чыстае словазмяненне.
У іншых выпадках часцеё за ўсё гутарка вядзецца пра дадатковае лексічнае значэнне,
што павінна разглядацца ў рамках словаўтварэння, параўн., напрыклад:
пісаць - напісаць, рэзаць - рэзануць
і пад. У сістэме дзеяслова найбольшы супраціў выклікае ўжыванне дзеепрыметных формаў,
якія нехарактэрныя для гутарковай мовы. Нягледзячы на тэндэнцыю да ўсё большай
кампрэсіі пры перадачы інфармацыі, чаму ў значнай ступені адпавядае ўжыванне
дзеепрыметных формаў, нормы варыянтаў стандартна й мовы патрабуюць пазбягаць
(класічны варыянт – поўнасцю, афіцыйны варыянт – з некаторымі абмежаваннямі)
дзеепрыметнікаў з суфіксам -ўш (-ш-)
тыпу прыехаўшы, засумаваўшы, не гаворачы ўжо пра дзеепрыметнікі
незалежнага і залежнага стану тыпу накіроўваючы, накіроўваемы, якія сустракаюцца толькі ў дзелавым
стылі пад уплывам рускай мовы.
Спецыфіка сінтаксісу беларускай стандартнай мовы вызначаецца
двума рознаскіраванымі фактарамі: па-першае, яго блізкасцю да народнай асновы,
па-другое, значным уплывам сінтаксічных структураў суседніх славянскіх моў (расейскай
і польскай), стандартныя формы якіх ужываліся і ўжываюцца зараз на тэрыторыі
распаўсюджання беларускай мовы. Пры гэтым афіцыйны варыянт беларускага стандарту
талерантна ўспрымае сінтаксічныя структуры, што прыйшлі з расейскай (а праз
яе – з іншых еўрапейскіх моў), у той час як класічны варыянт арыентуецца на
структуры, характэрныя для народнага маўлення ці для польскага стандарту, параўн.,
напрыклад, думаць пра жыццё і думаць аб жыцці (<
рас. думать о жизни), дзякаваць брату (польск. dziękować
bratu, рас. благодарить
брата), ажаніцца з удавой (польск. ożenić się z wdową,
рас. жениться на вдове), схадзіць па хлеб (рас.
сходить за хлебом) і пад.
Як параўнальна маладая славянская літаратурная мова, што
арыентавана на народную аснову, беларускі стандарт ў лексічным плане з самага
пачатку свайго развіцця адрозніваецца ліберальнай нормай, якая дазваляе шырокае
выкарыстанне рэгіянальных лексем у якасці сінонімаў і стылістычных варыянтаў.
Беларуская мова лакалізуецца ў цэнтры паўночнаславянскай тэрыторыі і мае значную
колькасць агульных лексем — сярод якіх прысутнічаюць як архаізмы, так і занальныя
інавацыі—, якія звязваюць яе з суседнімі мовамі. Архаізмы ўяўляюць сабой, паводле
паходжання, праславянскія лексемы, а інавацыі – пераважна непасрэдныя запазычанні
ці новыя словы, што ўзніклі на ўласнай глебе ў выніку тэрытарыяльных кантактаў.
Сярод старых запазычанняў выяўляецца невялікая група балтызмаў, звязаная, як
правіла, з пэўнымі сферамі народнага жыцця – земляробствам, апрацоўкай дрэва,
будаўніцтвам (аруд 'загародка
ў клеці', ёўня, асець памяшканне для сушэння снапоў', дойлід 'будаўнік', пуня 'памяшканне для сена'), а таксама з экспрэсіўнай сферай. Запазычанні з польскай мовы прадстаўлены
двума пластамі лексікі – адным, больш старажытным, ужо даўно асіміляваным народнай
мовай, з якой гэтыя словы трапілі ў стандартную (часта такім шляхам у беларускую
мову траплялі шматлікія германізмы, напрыклад, з фіналлю -унак < польск.
-unek < ням.
-ung: гатунак < Gattung), ў другім, больш новым па часе, які захоўвае
фанетычныя рысы мовы-крыніцы (нэндза, быдла, моц, сытуацыя
і пад.). Колькасць апошніх у афіцыйным варыянце стандартнай
мовы паступова скарачаецца, аднак у класічным варыянце яны захоўваюцца і ў выніку
дыфузіі двух варыянтаў прысутнічаюць у той ці іншай форме ў маўленні і канкуруюць
з запазычаннямі з расейскай мовы параўн. (улёткі/
лістоўкі, газэта/ газета, страйк/ забастоўка
і пад.). Даволі шматлікія на пачатковым этапе фармавання стандартнай мовы русізмы
паступова выцясняліся арыгінальнымі лексемамі, створанымі на ўласнай базе, аднак
пачынаючы з 30-х гадоў ХХ стагоддзя з узмацненнем таталітарызму
ў СССР і прымусовага збліжэння літаратурнай мовы з расейскай, натуральны ход
развіцця быў парушаны, што прывяло да значнай насычанасці афіцыйнага варыянту
літаратурнай мовы запазычаннямі з расейскай мовы, што ў сваю чаргу выклікала
ўзмацненне пурыстычных тэндэнцыяў. Апошнія выяўляюцца і ў адносінах да інтэрнацыяналізмаў
і запазычанняў з заходніх моў, якія часта трактуюцца як русізмы, паколькі расейская
мова да нядаўняга часу была адзіным каналам іх пранікнення ў стандартную мову.
Аднак у апошні час у выніку працэсаў глабалізацыі назіраецца і непасрэднае пранікненне
ў мову, асабліва праз сродкі масавай інфармацыі, запазычанняў з англійскай мовы.
Адзін з каналаў, па якім ажыццяўляецца пранікненне англіцызмаў – класічны стандартны
варыянт мовы (т.зв. "эмігрантаўка"), якім карыстаецца некаторая частка заходняй
беларускай дыяспары і які ўздзейнічае на жывую практыку выкарыстання мовы, асабліва
праз замежнае радыё і незалежную прэсу.
Стандартныя
варыянты беларускай мовы карыстаюцца зараз рускай графікай, якая ўзыходзіць
да т. зв. грамадзянцы – рэфармаванай ў 18 стагоддзі паводле праекта беларуса
Іллі Капіеўскага (Капіевіча) кірыліцы. У яе былі ўнесены дадатковыя знакі ў, ё і апостраф ('), які выконвае раздзяляльную функцыю.
Для абазначэння спецыфічных беларускіх гукаў выкарыстоўваюцца дыграфы дз, дж.
Паралельна з графікай, заснаванай на кірыліцы, доўгі час (зараз – рэдка ў класічным
варыянце стандарту) ўжывалася графіка на лацінскай базе ў чэшскай мадыфікацыі
(з дабаўленнем дыякрытыкаў для абазначэння шыпячых гукаў: č, š, ž, dž). З польскай графікі запазычаны літары ł
(для абазначэння “цвёрдага” l) і мяккія ć, ś, ń, ź. На ранніх этапах фіксацыі беларускага
маўлення выкарыстоўвалася арабскае (у пісьмовых помніках збеларушаных татараў)
і гэбрайскае пісьмо. Вядучым прынцыпам беларускай арфаграфіі з’яўляецца фанетычны
з адступленнямі ў адносінах зычных гукаў у бок марфалагічнага: на пісьме ў афіцыйным
варыянце стандарту не перадаецца аглушэнне і азванчэнне ў сярэдзіне і на канцы
слоў; асіміляцыйная мяккасць, у адрозненне ад класічнага варыянта, таксама не
адлюстроўваецца ў напісанні; не перадаюцца іншыя вынікі асіміляцыйных працэсаў
(пясчаны [п'ашчаны], гарадскі [гарацкі], мыешся
[мыес':а], матцы [мац:ы], загадчык [загач:ык] і пад.). У гэтых адносінах класічны варыянт стандарту
больш паслядоўна праводзіць фанетычны прынцып арфаграфіі і адлюстроўвае на пісьме
некаторыя з адзначаных вышэй працэсаў. Адэкватна адлюстроўвае жывыя фанетычныя
працэсы “беларуская лацінка”, якая прыстасавана да дакладнай перадачы народнага
маўлення і выкарыстоўваецца ў некаторых выпадках для транскрыпцыі.
Кадыфікацыя беларускай літаратурнай мовы адбылася параўнальна
нядаўна і была звязана з выданнем у Вільні ў 1918 г. (спачатку лацінкай, а потым
– кірыліцай) “Беларускай граматыкі для школ” Браніслава Тарашкевіча, якая потым
перавыдавалася не адзін раз. У згаданай граматыцы прысутнічаў раздзел “Правапіс”.
дзе былі выкладзены асноўныя прынцыпы беларускай арфаграфіі, якія склаліся да
таго часу ў моўнай практыцы (у першую чаргу ў выніку дзесяцігадовага выдання
газеты “Наша Ніва”). Характэрна, што ў ім упершыню правілы напісання фармулююцца
асобна для “сваіх” і “іншаземных” слоў, што адлюстроўвае праблемы, якія ўзнікаюць
у мовах, што базуюцца на народнай аснове і маюць у якасці вядучага фанетычны
прынцып пісьма. У далейшым праблема пашырэння дзеяння правілаў правапісу, прынятых
для “сваіх” слоў, на словы іншаземнага паходжання стане адной з важнейшых пры
ўсіх арфаграфічных рэформах. Найбольш істотныя з гэтых праблемаў, а таксама
праблемы графікі, абмяркоўваліся на міжнароднай Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе
беларускага правапісу і азбукі, якая адбылася ў 1926 г. у Менску. Найважнейшай
з яе рэкамендацыяў трэба прызнаць спрашчэнне перадачы якання на пісьме толькі
ў першым пераднаціскным складзе, што і было замацавана ў наступных праектах
арфаграфічных рэформаў 1930-1933 гг.
Найбольш значнай арфаграфічнай рэформай была рэформа 1933
г., якой быў нададзены афіцыйны статус спецыяльнай Пастановай Савета Народных
Камісараў БССР “Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапісу”, прынятай 26 жніўня
1933 г. Для яе было характэрным тое, што з усіх прапановаў па ўпарадкаванні
беларускага правапісу, якія прапаноўваліся ў розных праектах зменаў, былі прынятыя
толькі тыя з іх, якія вялі да набліжэння беларускай арфаграфіі з расейскай,
пра што недвусэнсоўна было сказана ў прэамбуле пастановы (“з мэтай... поўнага
падпарадкавання беларускага правапісу задачам выхавання працоўных мас ў духу
пралетарскага інтэрнацыяналізма”). У сувязі з яўна выражаным палітычным характарам
рэформы, якая ўкаранялася адміністрацыйнымі метадамі ў БССР, яна не была прынятая
на астатняй беларускай моўнай тэрыторыі, што прывяло к разбурэнню арфаграфічнага
адзінства і паралельнаму ўжыванню старога (класічнага) і новага (афіцыйнага)
варыянтаў стандартнай мовы, супрацьпастаўленне каторых захоўваецца і зараз.
Некаторыя найбольш заідэалагізаваныя палажэнні гэтай пастановы (напрыклад, спецыяльны
арфаграфічны статус слоў большэвік, комуна, соцыалізм, якія “на падпарадкоўваліся” правілу
акання) былі адменены ці ўдакладнены Пастановай Савета Міністраў БССР “Аб удакладненні
і частковых зменах існуючага беларускага правапісу” ад 11 траўня 1957 г.
У 90-я годы 20-га стагоддзя арфаграфічнай камісіяй Таварыства
беларускай мовы была зроблена спроба “памірыць” абодва варыянты стандартнай
мовы шляхам вяртання ў афіцыйны варыянт найбольш яскравай арфаграфічнай асаблівасці,
прыбранай рэформай 1033 г., - перадачы на пісьме асіміляцыйнай мяккасці (т.зв.
праблема мяккага знаку). Аднак на афіцыйным узроўні гэтая прапанова не была
прынята.
Сучасную беларускую літаратурную мову трэба разглядаць
як новы стандарт, які не мае прамой пераемнасці са старабеларускай мовай, якая
функцыянавала як афіцыйная мова Вялікага Княства Літоўскага ў 13-17 стст. Лічыцца,
што ў якасці стандартнай мовы старабеларуская (іншая назва – заходнеруская)
была выцеснена польскай мовай і ў выніку ўзнік часавы разрыў паміж старабеларускай
і новай беларускай літаратурнымі мовамі, хаця поўнасцю адмаўляць сувязь паміж
двума ідыёмамі няма падставаў. Аднак, несумненна, новая беларуская літаратурная
мова ўзнікае на іншай аснове, якая не дазваляе разглядаць яе развіццё ад старабеларускай
як непарыўны працэс. З трох вядомых традыцыяў развіцця славянскіх літаратурных
моў (дзве з іх – царкоўнаславянская і чэшска-польская – выдзелены Н. Трубяцкім),
новая беларуская мова прымыкае да традыцыі, якая можа быць названа копітараўскай
паводле імені славенца Ярнея (Барталамея) Копітара, які прадстаўляў у 19 ст.
венскую славістыку. Апошні сфармуляваў шэраг прынцыпаў, на аснове якіх была
рэфармавана Вукам Караджычам сербская літаратурная мова. Тыя ж прынцыпы рэалізаваліся
пры фармаванні беларускай стандартнай мовы: павышэнне статусу народнай мовы
да ўзроўню літаратурнай мовы, увядзенне фанетычнага прынцыпу правапісу, удасканаленне
алфавіту пры дапамозе новых знакаў. Гэтым яна супрацьпастаўлялася старабеларускай
мове, якая была сфармавана ў рэчышчы царкоўнаславянскай традыцыі, з яе пераемнасцю
ў адносінах да старажытнарускай і царкоўнаславянскай. У сваю чаргу царкоўнаславянская
традыцыя непасрэдна ўзыходзіць да грэчаскай візантыйскай. На заключным этапе
свайго развіцця старабеларуская адчула на сабе ўплыў чэшска-польскай традыцыі, якая была бліжэй да лацінскай
і праз Галіцка-Валынскія землі распаўсюджвалася на землі Вялікага Кнаства Літоўскага.
Што тычыцца новай беларускай стандартнай мовы, то на пачатку ў ёй пераважаў
польскі ўплыў (значная колькасць яе стваральнікаў была звязаная з польскай культурай
і з каталіцтвам). Потым, паступова, узмацняўся ўплыў расейскай мовы, які ў гады
таталітарызму набыў характар ідэалагічнага і палітычнага ціску, што прыводзіла
да дэфармацыяў у сістэме (гвалтоўнае збліжэнне структураў і лексікі, абядненню
сінанімікі, спрашчэнню семантыкі і пад.). Аднак гэтая тэндэнцыя ахапіла пераважна
афіцыйны варыянт стандартнай мовы, у той час як у класічным варыянце яе дзеянне
адсутнічае.
Пачатак фармавання стандартнай мовы звычайна адносяць к
канцу 18 – пачатку 19 ст., калі з’яўляюцца першыя творы (т. зв. інтэрмедыі,
дзе прадстаўнікі простага народу гавораць па-беларуску), як правіла, напісаныя
лацінкай. Лічыцца, што пачатак пісьмовасці на беларускай мове значную ролю адыгралі
прадстаўнікі віленскага кружка прафесараў, якія вывучалі найбагацейшую пісьмовасць
на старабеларускай мове і марылі пра яе адраджэнне. Сярод іх самай значнай асобай
быў Міхал Баброўскі, выдатны славіст і выдавец “Беларускага катэхізму” (Вільня,
1835 г.). Трохі пазней узніклі травестыйныя паэмы “Энеіда навыварат” і “Тарас
на Парнасе”, якія да нядаўняга часу лічыліся ананімнымі. Яны далі ўзоры літаратурнай
апрацоўкі народнай мовы паўночна-ўсходняга дыялекту. Другой спробай заснаванай
на паўднёва-заходнім дыялекце, была нелегальная газета "Мужыцкая
праўда", што выдавалася Канстанцінам
Каліноўскім у 1862-1863 гг. Большасць з названых твораў былі запісаныя з выкарыстаннем
польскага варыянту лацінкі ці расейскага графічнага варыянту кірыліцы, што даволі
прыблізна перадавалі гучанне жывога маўлення. Гэтая графічная “дзвюхполюснасць”
пісьмовай мовы захавалася да першага дзесяцігоддзя 20-га ст., калі паступова
лацінка абмяжоўвае сваё ўжыванне. Разам з тым адбываецца дапасаванне графічных
сродкаў да адэкватнай перадачы асаблівасцей гучання (частковая замена польскай
графікі на чэшскую, стварэнне спецыяльных літараў для спецыфічных гукаў і г.
д.). Далейшае ўдасканаленне графікі патрабавала пазбаўлення ад дыграфаў дж,
дз (якія на Акадэмічнай канферэнцыі 1926 г. прапаноўвалася замяніць сербскімі ђ, ћ) і ўвядзення j. Аднак гэтыя прапановы не знайшлі падтрымку.
Найбольшую ролю ў выпрацоўцы нормаў літаратурнай мовы і
яе ўзмацненні адыгралі пісьменнікі другой паловы 19 ст., сярод якіх Вікенці
Дунін-Марцінкевіч (1808-1884) і Францішак Багушэвіч (1840-1900), а таксама газета "Наша
ніва", якая
выходзіла ў Вільні ў 1906-1915 гг. У фармаванні лексічнага фонду значная роля
належыць “Словарю белорусского наречия" Івана Насовіча, які быў выдадзены
ў 1870 г. у Санкт-Пецярбургу. Пасля кадыфікацыі беларускай стандартнай мовы
ў 1918 г. пачалося яе бурлівае развіццё і ўдасканаленне, у якім прынялі ўдзел
такія майстры слова як Янка Купала (1882-1942), Максім Багдановіч (1891-1917) і Якуб Колас (1882-1956). У выніку к сярэдзіне 20-х гадоў 20-га ст. беларуская стандартная
мова дасягнула ўзроўню развітых моў свету і здолела выконваць ўсе іхныя функцыі.
Аднак з канца 20-х гадоў ва ўмовах палітычных рэпрэсіяў ў рамках барацьбы ў
БССР з т. зв. нацыянал-дэмакратызмам пачалося згортванне гэтых функцыяў і замена
беларускай мовы на расейскую ў розных сферах. Усё гэта вяло да дэградацыі мовы
не толькі ў сацялінгвістычным, але і структурным плане. Пэўнае ажыўленне назіралася
толькі к канцу 80-х гадоў 20-га ст. у сувязі з паслабленнем рэжыму і аб’яўленнем
М. Гарбачовым “галоснасці”.
Да 1905 г. ў Расеі дзейнічала забарона
на друкаванне кніг на беларускай мове (дакладней, на друкаванне беларускіх кніг
лацінкай, што было звычайным для таго часу) і жорсткая цэнзура, у сувязі с чым
многія творы распаўсюджваліся ў рукапісах, выдаваліся нелегальна за мяжой (у
Астра-Вугоршчыне, Швайцарыі, Прусіі і г. д.). І толькі пасля рэвалюцыі 1905
г. гэтая забарона была адменена, што адкрыла магчымасці для прыцягнення шырокай
грамадскасці да абмеркавання шляхоў выпрацоўкі нормаў і развіцця стандартнай
мовы. Найбольш актыўна гэтыя пытанні абмяркоўваліся на старонках газеты “Наша
Ніва”. Шляхам усебаковага разгляду сітуацыі з паралельным выкарыстаннем дзвюх
графічных сістэмаў на аснове лацінкі і кірыліцы, у 1912 г. было дасягнута пагадненне
аб друкаванні “Нашай Нівы” выключна на кірыліцы, што сьала сур’ёзным кансалідуючым
крокам, хоць і не прадугледжвала поўнай адмовы ад лацінкі ў іншых выданнях.
Гэта падрыхтавала і наступны крок – прыняцце ў якасці агульнай асновы пісьмовай
мовы арфаграфічнага зводу, які прапанаваў Б. Тарашкевіч. Першым прызнаннем за
беларускай мовай афіцыйнага статусу стаў падпісаны 6 студзеня 1916 г. фельдмаршалам
П. фон Гіндэнбургам загад аб наданні ёй роўных правоў з мовамі іншых народаў
ў межах “Обер-Осту” – ваенна-адміністрацыйнай адзінкі, утворанай камандаваннем
на частцы занятай нямецкімі войскамі тэрыторыі. Рэалізацыя гэтага загаду
Пытанні культуры мовы ва ўмовах яе выжывання маюць абмежаванае
значэнне і выражаюцца найперш у барацьбе супраць русізмаў, што ў экстрэмальнай
сітуацыі падтрымлівае крайнія пурыстычныя тэндэнцыі. Наяўнасць двух пісьмовых
варыянтаў стандартнай мовы вядзе да іх канкурэнцыі на полі культурна-моўнага
будаўніцтва, што ў сваю чаргу можа садзейнічаць прагрэсу ў выпрацоўцы шляхоў
унутрымоўнага развіцця. Так, напрыклад, у апошні час у абодвух варыянтах замацаваліся
ў якасці нарматыўных лексемы тыпу лецішча (замест русізма дача), спадар, гаспадар (замест паланізма пан), святар (замест частковай калькі служка царквы, царкоўны служыцель
< рас. священнослужитель)
і пад.
Старабеларуская
літаратурная мова – афіцыйная мова канцылярыі Вялікага Княства Літоўскага
(традыцыйная назва – "рус(ь)кий язык"), заканадаўча замацаваная ў Статутах
ВКЛ 1566 і 1588 гг. Старабеларуская выкарыстоўвалася на ўсёй тэрыторыі ВКЛ у
якасці дзяржаўнай, а таксама ў канфесійнай і свецкай літаратуры. Прадстаўлена
ў значнай колькасці пісьмовых помнікаў рознага зместу. Сфармавалася ў рамках
царкоўнаславянскай традыцыі на аснове мясцовых варыянтаў старажытнарускай пісьмовасці,
у якія пранікалі элементы народнай мовы ўжо ў 13 ст., што засведчана полацкімі
і смаленскімі граматамі. У далейшым пашырэнні дыялектнай базы значную ролю адыгралі
гаворкі, якія прымыкалі да адміністрацыйных цэнтраў ВКЛ (Наваградак, Слонім,
Нясвіж, Горадня, Вільня), дзе, імаверна, сфармавалася агульнае гарадское кайнэ,
на якое абапіралася ў сваім развіцці літаратурная мова. На заключнай стадыі
існавання падвергнулася моцнай паланізацыі, што мела прычыны ў палітычным і
культурным дамінаванні, у створанай у выніку вуніі Рэчы Паспалітай, Каралеўства
Польскага і аслабленні ролі ў ёй Вялікага Княства Літоўскага ў выніку безупынных
войнаў на яго тэрыторыі, якія вялі Маскоўскае княства і казацтва. У 1696 г.
была выведзена са сферы афіцыйнай перапіскі.
Граматычная структура старабеларускай мовы адпавядала яе
шырокай міждыялектнай базе, аднак, у значнай ступені была схавана пад покрывам
традыцыйнай арфаграфіі. якая базавалася на этымалагічным прынцыпе. Разам з тым
у ёй знаходзяць спарадычнае адлюстраванне найважнейшыя фанетычныя і марфалагічныя
асаблівасці беларускай мовы, у тым ліку і такія, як аканне, пераход в > у, фрыкатыўны γ (перадаецца ў напісанні літарай г, у той час, як адпаведны выбуховы – спалучэннем кг) і інш. З марфалагічных асаблівасцей
знайшлі адлюстраванне канчаткі назоўнікаў на -ом, -ох у давальным
і месным множнага ліку, складаныя формы прошлых часоў дзеяслова (виделисмо, есмо допустили). Разам з тым у пабудове сказа
часта захоўваюцца схемы, якія ўзыходзяць да царкоўнаславянскіх канструкцыяў,
традыцыйныя клішэ, характжрныя для старажытнарускай мовы. Лексічная напаўняльнасць
залежала ад жанра помніка: у канфесійнай літаратуры яна ўтрымлівала вялікую
колькасць элементаў, што ўзыходзяць да стараславянскай мовы, у дзелавой пісьменасці
пераважалі народныя і запазычаныя элементы. Старабеларуская мова карысталася
традыцыйнай кірылічнай графікай, аднак у выглядзе, набліжаным да лацінскага
пісьма.
Асобную праблему ў рамках старабеларускай мовы складала мова перакладаў Бібліі, выдадзенай Францыскам Скарынай у 1517-1519 гг. у Празе. Яна ўяўляла сабой спалучэнне царкоўнаславянскіх і народных элементаў, што ўвогуле характэрна для пісьмовых моў, якія развіваліся ў рамках царкоўнаславянскай традыцыі, напрыклад, для славянасербскай. сярэднебалгарскай і т. п. Разам з тым, мова Ф. Скарыны несумненна базуецца на беларускай моўнай аснове, уяўляе арганічнае адзінства дзвюх стыхіяў і мае вялікую мастацкую выразнасць. Яе фармаванне адбывалася пад непасрэдным уплывам чэшскай пісьмовай традыцыі, паколькі лічыцца, што пераклад Бібліі на чэшскую мову быў выкарыстаны ім у якасці ўзору. Аднак нельга не бачыць адрозненняў мовы Ф. Скарыны ад стандартнай старабеларускай мовы, якая выкарыстоўвалася ў яго час і пазней. Відаць, ён уяўляў сабой асобны стандартызаваны ідіём, які, аднак, не атрымаў сваяго працягу. Гэта асабліва заўважна на фоне пазнейшых перакладаў Бібліі і Евангелля Сымона Буднага і Васіля Цяпінскага (16 ст.).