МОВЫ СВЕТУ

Валійская мова


Валійская мова - адна з моў італа-кельцкага адгалінавання індаеўрапейскай моўнай сям'і. У прыватнасці, яна належыць да кельцкай групы моў, што падзяляецца мовазнаўцамі на тры групы: кантынентальная, гайдэльская і брыцкая. Мовы першай групы, кельтэберыйская, гальская, лепантыйская і г.д.- усе памерлыя. У гайдэльскую групу ўваходзяць ірландская, шатландская (гэльская) і мэнская мовы. У брыцкую - валійская, корнская і брэтонская.
Валийская мова мае працяглую гісторыю развіцця і багатую літаратурную традыцыю. З перыяда 800 да 1500 г. захавалася больш сотні рукапісаў, але перапіскі з больш старых дакументаў захаваліся і рукапісах 16-18 ст. ст. Прынята выдзяляць пяць перыядаў развіцця валійскай мовы:

1. Архаічная валійская (Primitive or Early Welsh) - пасля распаду познеагульнабрыцкай мовы з канца VI да канца XIII ст.
З гэтага перыяду захавалася мала звестак: некалькі надмагільных надпісаў, некалькі асабовых імёнаў у лацінскіх дакументах і эпіграфічных помнікаў ад імя валійскіх каралёў таго часу. Некаторыя познія тэксты захавалі фрагменты, якія адносяць да архаічных. Да такіх франментаў можна аднесці паэму "Гаспадар"(з рукапісу 1250 г.), якая распавядае пра бойку паміж брытамі і англамі каля г. Катэрык (Ёркшыр) у канцы 6-га ст і аўтарства якой прыпісваецца кумбрыйскаму барду Анэйрыну;

2. Старажытнавалійская (Old Welsh) - з канца XIII ст. да 1150 г.
Захавалася значная колькасць помнікаў розных жанраў, але агульны аб'ём гэтых тэкстаў - невялікі. Сюды ўваходзяць надпісы, уласныя імёны, вершы, падручнікі па метралогіі і астраноміі. Да больш вялікіх тэкстаў адносіцца цыкл вершаў з позняга рукапіса пра старажытнага героя Тліўарха Старога і паэма "Armes Prydein"("Прароцтва Брытаніі") з рукапіса "Кніга Таліесіна" (каля 1275 г.), якая датуецца 930 г.;

3. Сярэдневалійская (Medieval Welsh) - з сярэдзіны XII ст. да канца XIV ст.;
У гэты перыяд можна адрозніць два варыянты: той, які супадаў з жывой гаворкай і мова бардаў, яка была бліжэй да мовы 7-8 ст. ст. Мова бардаў заняпала пасля захопу Валіі англічанамі ў 1282-1283 гг. Ім на змену прыйшла новая паэзія cywydd. У гэты перыяд сфармаваўся сучасны валійскі алфавіт;

4. Новавалійская (Early modern Welsh) - з другой паловы XIV ст.;
Пачатак перыяда звязваюць з імем знакамітага паэта Давіда ап Гўіліма (Dafydd ap Gwilym). Ён быў пачынальнікам новай паэтычнай формы cywydd - сяміскладовы верш з алітэрацыямі. Гўілім таксама абнавіў лексіку і стыль паэтычных твораў;

5. Сучасная валійская (Late modern Welsh) - з 1588 г., калі выйшаў валійскі пераклад Бібліі.
У сярэдзіне 16-га ст. адбылося чарговае збліжэнне літаратурнай і размоўнай моў у сувязі з Рэфармацыяй. Новая форма літаратурнай мовы была выкарыстана пры перакладзе Бібліі ў 1588 г. і захоўваецца да гэтага часу як літаратурны стандарт.
У 1485 г. англійскім каралём стаў Генрых IV, заснавальнік дынастыі Т'юдораў, нашчадак аднаго з валійскіх радоў. З імем гэтага чалавека звязана гісторыя заняпаду валійскай мовы, паколькі ў 1535 ён аб'явіў "Акт аб Вуніі", згодна з якім Валія стала часткай англійскага каралеўства і англійская мова - адзінай афіцыйнай і дзяржаўнай мовай.
Вялікую ролю ў захаванні мовы адыграла метадысцкая царква, якая ў сярэдзіне 18-га ст. арганізавала сетку перасовачных школаў з выкладаннем выключна на валійскай мове. к канцу стагоддзя амаль усё насельніцтва было граматным на сваёй мове з нізкім узроўнем ведаў на англійскай мове. Гэта абумовіла адносную стабільнасць моўнай сітуацыі на працягу 19-га ст, нягледзячы на прамысловую рэвалюцыю, міграцыі эміграцыю. Значная колькасць валійцаў кампактна асела ў Аргентыне ў даліне патагонскай ракі Чубут (на сёння - каля 30 тыс. чал.).

СІТУАЦЫЯ СЁННЯ

Сучасная валійскія дыялекты падзяляюцца на дзве групы - паўночную і паўднёвую, з вузкай паласой цэнтральных пераходных гаворак. На поўначы выдзяляюцца заходні венедоцкі ці гвінедскі (англ. Gwentian; вал. Y Wyndodeg), на якім размаўляюць у Гвінэдзе (Gwynedd) ці паўночна-заходняй Валіі, і ўсходні поўіскі (анг. Powysian; вал. Y Bowyseg), распаўсюджане ў Поўісе, г. зн., паўночна-ўсходняй і цэнтральнай Валіі; на поўдні - заходні дыведскі ці дэметыйскі (анг. Demetian; вал. Y Ddyfedeg), на якім размаўляюць у Дэведзе (Dyfed), г. зн., паўднёва-заходняй Валіі, і ўсходні гвентыйскі (анг. Gwentian; вал. Y Wenhwyseg), распаўсюджаны ў Гвенце (Gwent) і даліне Гламарган (Morgannwg), г. зн., паўднёва-ўсходняй Валіі.
Дыялектныя адрозненні выяўляюцца на ўсіх узроўнях, але асабліва ў фанетыцы і лексіцы. У паўднёвых дыялектах назіраюцца ізаглосы, якія звязваюць іх з корнскай і брэтонскай мовамі.
На сённяшні дзень на валійскай мове размаўляе 1/5 насельніцтва Валіі. На пачатку 20-га ст. палова насельніцтва валодала мовай. перапіс 1911 г. зафіксаваў каля мільёна тых, хто лічыў сябе носьбітамі мовы. З таго часу колькасць гаворачых няўхільна змяншалася да нядаўняга часу, на што было некалькі прычынаў:


К 1991 г. колькасць носьбітаў складала 508,098 (18.7 % насельніцтва). Але перапіс паказаў рост колькасці моладзі, якая валодала мовай. Гэта адбылося дзякуючы развіццю, пад ціскам бацькоў, валійскамоўнай адукацыі. Камбінацыя грамадскага ціску, адукацыі па-валійску і новае моўнае заканадаўства, што гарантуе захаванне і развіццё мовы, уяўляе сабой вельмі эфектыўнае спалучэнне. У 1982 г. з'явіўся валійскамоўны тэлевізійны канал S4C. На сёння маецца больш 50 мясцовых газет. Сусветную вядомасць набыў фестываль-спаборніцтва музыкі і паэзіі Eisteddfod. Дзяржава аказвае моцную падтрымку ў пытанні папулярызацыі і развіцця мовы: на працягу1999-2000 гг. Камітэт валійскай мовы размеркаваў больш 2,000,000 фунтаў на гранты арганізацыям, якія займаюцца прамоцыяй мовы. Грамадская думка таксама пачала схіляцца на карысць валійскай мовы (71% падтрымліваюць выкарыстанне мовы, 88% разглядаюць мову як тое, чым трэба ганарыцца, 75% мяркуюць, што англійская і валійская мова павінны мець аднолькавы статус.
Гэта не выключае пэўныя праблемы. Так некаторыя вышэйшыя навучальныя ўстановы адмаўляюцца распрацоўваць праграмы пашырэння выкарыстання мовы ў навучальным працэсе. Таварыства валійскай мовы праводзіць актыўныя акцыі супраць такіх устаноў, якія заключаюцца ў распісванні маёмасці надпісамі тыпу "Тут дэскрымінуюць валійскую мову". Але працэс развіцця мовы набірае абароты.
У сувязі з істотнымі адрозненнямі паміж літаратурнай мовай і дыялектамі, аж да поўнага неразумення, набыў моц рух за распаўсюджанне новага пісьмовага і размоўнага кайнэ - Cymraeg Byw - "жывая валійская мова". Гэты варыянт прыняты ў садках і школах у самых англізаваных раёнах Валіі. Прэстыж старой літаратурнай мовы захоўваецца. Прычына гэтага - высокая яе адаптаванасць дасучасных патрабаванняў, якая выяўляецца ў магчымасці ствараць новую тэрміналогію.

 

ЛІТАРАТУРА:

1. Калыгин В., Королев А. Введение в кельтскую филологию. М.,1989, с.252
2. Y Ffeil-o-laith Gymraeg / The Welsh Language Fact File.Caerdydd, 2000, pp.59
3. Meurig Evans H. Y Geiriadur Cymraeg Cyfoes / The Dictionary of Modern Welsh. Caerdydd, 1981, pp. 611
4. Graham Jones J. The History of Wales. Cardiff, 1998, pp. 184
5. Trefor M. Owen. The Customs and Traditions of Wales. Cardiff, 2000. pp.136

 

Артыкулы:

Дадатковая інфармацыя:

Спасылкі: