МОВЫ CВЕТУ

Заходнепалеская мікрамова


Пытанне існавання ці неіснавання заходнепалескай мовы - складаная і шматбаковая праблема, якая не мае на сённяшні дзень адназначнага адказу. Было некалькі спробаў стварыць літаратурную мову, але яны былі няўдалыя. У лінгвістыцы не існуе дакладна вызначаных крытэраў, паводле якіх пэўную частку моўнага кантынуума можна аднесці да той ці іншай мовы. Прызнанне за нейкай часткай моўнай прасторы статусу асобнай мовы залежыць ад многіх фактараў: палітычных, сацыяльных, культурных, эканамічных. Вельмі часта можна назіраць сітуацыю, калі дзве прызнаныя мовы адрозніваюцца нашмат менш, чым дыялекты іншых моў. Так, да прыкладу, сербская і харвацкая мовы адрозніваюцца менш, чым дыялекты англійскай мовы ў Вялікабрытаніі.
Наконт заходнепалескай моўнай тэрыторыі не існуе адзінай думкі. Адны навукоўцы адносяць заходнепалескія гаворкі да ўкраінскіх, іншыя - да беларускіх, трэція сцвярджаюць, што, нягледзячы на адсутнасць літаратурнага стандарта, гэта асобная заходнепалеская мова. Адпаведна палешукоў адносяць то да ўкраінцаў, то да беларусаў, то лічаць асобным этнасам. Аўтар гэтага сайту далёкі ад катэгарычных сцверджанняў на карысць якой-небудзь тэорыі і таму спрабуе падаць розныя погляды на праблему Заходняга Палесся.