МОВЫ СВЕТУ
Заходнепалеская мікрамова
Стварэнне народу. Няпоўная храналогія з каментарамі,
цытатамі і замалёўкамі з натуры
Частка ІІ. Народ, што не стварыўся.
Праграма ГКЗ "Полісьсе" (Збудінне, 1990/4),
даволі поўнае тлумачэнне якой даў Мікола Шэляговіч у сваім артыкуле "С
кем идет "Полісьсе"?" (Збудінне, 1990/8), была тыповым дакументам
нацыятворчага руху на ягонай аўтанамісцкай стадыі. Яна патрабавала для заходніх
палешукоў дзяржаўнасці ў форме аўтаноміі пры нязменнасці дзяржаўных межаў з
наданнем Берасцейшчыне й Піншчыне статусу аўтаномнага краю, які ў перспектыве
ўтварыў бы з уласна беларускай часткай краіны федэратыўнае Беларуска-Яцвяжскае
гаспадарства. Яна дэкларавала прыхільнасць да шматукладнай эканомікі з акцэнтам
на дасягненне самадастатковасці рэгіёну; урэшце, праграма ўяўляла сабой характарыстычны
для той эпохі набор папулісцкіх лозунгаў. У сваім артыкуле "Ятвяжская национальная
партия" (Збудінне, 1990/7) Мікола Шэляговіч пісаў, што "працэс абнаўлення
яцвяжскага грамадства мае патрэбу ў яцвяжскай нацыянальнай сацыял-дэмакратыі".
Акцэнт рабіўся на моўнай, культурнай і адукацыйнай палітыцы, прычым, зазначала
"Збудінне", "калі стварэння яцвяжскай навукова-метадычнай базы
дабіцца не ўдасца", дык навучанне ў сярэдніх і вышэйшых навучальных установах
прапаноўвалася весці на ўкраінскай мове - паводле стратэгіі "меншага зла".
Ідэалагічная дактрына руху імкліва мянялася ад панбалтызму да панславізму, разам
з саюзнікамі, у залежнасці ад кан'юнктуры. На першых парах Менская гуртына "Полісься"
(якая адлюстроўвала пазіцыю М.Шэляговіча) уступіла ў БНФ, пасля выйшла стуль,
гэтак і вагалася аж да ўступлення ў прамаскоўскі Народны Рух Беларусі ў 1994
годзе і выхаду з яго ў знак нязгоды з тым, што НРУ падтрымаў на выбарах кандыдатуру
Кебіча, а не Лукашэнкі (здаецца, зрэшты, гэта адбылося ўжо пасля таго, як Кебіч
прайграў у першым туры, так што не варта пераацэньваць палітычную інтуіцыю Шэляговіча).
Заходнепалескі рух на першым этапе сваёй дзейнасці насіў найперш філалагічны
характар. Усе "новаяцвягі", у тым ліку пратаганіст праекту Мікола
Шэляговіч, пачыналі з літаратурнай творчасці. Амаль усе яны былі калі не празаікамі,
дык паэтамі. Яны наследавалі шляху, які прайшлі іншыя нацыі Цэнтральна-Ўсходняй
Еўропы, што пачалі фармавацца запознена і на першым этапе не мелі ўласнай нацыянальнай
буржуазіі: украінцы, беларусы, славакі. Пісьменнікі, філолагі, гісторыкі былі
кавалямі іх нацыянальных ідэнтычнасцяў. Таму протанацыяналістычная праграма
дзеянняў ГКЗ "Полісьсе" прадугледжвала найперш кадыфікацыю літаратурнай
мовы і пашырэнне тэкстаў на ёй.
Як мовазнавец, Шэляговіч прадпрымаў тэарэтычна правільныя крокі па стварэнні
літаратурнае мовы: прыняў фанетычны прынцып правапісу, канструяваў наватворы.
Але ён не меў эстэтычнага дару і ігнараваў сацыякультурную рэальнасць. Ягоная
мова выклікала эмацыйнае непрыняццё ў аўдыторыі.
Стратэгія
Мала сфармуляваць нацыятворчую праграму. Трэба мець яшчэ гістарычныя, этнічныя
ды эканамічныя перадумовы для паўстання нацыі.
Перадумоваў на Берасцейшчыне й Піншчыне бракавала. Стратэгі, аднак, на гэта
мала зважалі.
Асновай стратэгіяў прыхільнікаў стварэння "яцвяжскай" нацыі, як і
любой новай нацыі, была паступовая падмена элементаў дамінуючай культуры элементамі
новастваранай культуры. Гэта мусіла адбывацца праз пашырэнне газеты, падтрымку
самабытнае нацыянальнае літаратуры, заснаванне фольк-гурту "Етвызь",
спансараванне поп-выканаўцаў і тэлефестывалю заходнепалескай песні, падрыхтоўку
да стварэння ўласнай адукацыйнай сістэмы праз "яцвяжскі" цэнтр пры
НДІ педагогікі, асцярожныя спробы палітычнай дзейнасці (найперш уплывы на дзяржаўныя
структуры і паступовае ўмацаванне парапалітычнай арганізацыі). Уся гэтая дзейнасць
мусіла прывесці да ўтварэння трэцяга балцкага народу і чацвёртае ўсходнеславянскае
мовы. Аднак такі балтаславянізм ад пачатку быў крыніцай унутранай супярэчнасці.
Мікола Шэляговіч тады паспрабаваў зняць супярэчнасць, шукаючы ці фабрыкуючы
доказы таго, што слова "яцвяг" было ў познім Сярэднявеччы не этнонімам,
а азначала канфесійную прыналежнасць, што "яцвягамі" называлася паганская
супольнасць, або што этнонім "яцвягі" абазначаў палітычнае ўтварэнне,
у склад якога ўваходзілі і балцкія, і славянскія элементы. Было, аднак, ужо
позна. Эпоха нацыянальна-палітычных трансфармацыяў канчалася.
Ідэалагічныя і арганізацыйныя формы нацыяналізму, а таксама мадэлі для фармавання
нацыянальнае мовы Мікола Шэляговіч проста капіяваў з беларускіх і літоўскіх
узораў. Інтэлігенцыя, згуртаваная вакол ягонай харызматычнай фігуры, знаходзілася
пад уплывам рамантычнай канцэпцыі нацыі, перанятай савецкай навукай, паводле
якой нацыя атаесамлялася з простанароднай мовай. Раз існуе асаблівая гаворка
на Берасцейшчыне й Піншчыне, значыць, існуе тутака і асобная нацыя, лічылі яны.
Будзіцелі народу Берасцейшчыны і Піншчыны не рабілі адрознення між этнічнай
нацыяй і палітычнай нацыяй і лічылі, што нацыя, як і яе мова, - прадукт прыроды,
надзелены прыроджаным правам на развіццё сябе і сваёй культуры. Пры гэтым дзяржава
і дзяржаўнасць здаваліся ім, рамантыкам, нечым штучным і плынным. Не дзіва ж,
калі ўлічыць, як часта розныя рэжымы ўлады змянялі адзін аднаго на лясных і
балотных абшарах міжрэчча Буга і Прыпяці ў ХХ стагоддзі.
Адкуль прыйшлі яцвягі
Сярод умоваў затрымкі нацыянальнага развіцця берасцейцаў і пінчукоў былі моцная
асіміляцыя, запозненая, непаслядоўная і палавіністая мадэрнізацыя каланіяльнага
тыпу, ажыццёўленая адсталай расійскай метраполіяй, непаўната сацыяльнай структуры,
замена гарадскога і вышэйшых слаёў сельскага насельніцтва з габрэйскага і польскага
на расійскае ў сярэдзіне ХХ ст., ментальныя траўмы, прычыненыя таталітарнымі
рэжымамі, адкрытае вынішчэнне адукаваных або сацыяльна ці нацыянальна актыўных
грамадзянаў таталітарнымі рэжымамі ў 40-50-я гады ХХ ст., выключная слабасць
грамадзянскае супольнасці як наступства камуністычнага кіравання.
Сапраўдным бацькам "яцвяжскага" праекту быў Іосіф Сталін. Пры правядзенні
межаў УССР і БССР у 1939 годзе Берасцейшчына і Піншчына, дзе насельніцтва гаварыла
на дыялектах украінскай мовы, апынуліся ў складзе Беларусі - каб прасцей было
кіраваць транспартнай магістраллю Масква-Берасце. Беларусі Берасце па вялікім
рахунку было непатрэбнае, яно было патрэбнае метраполіі. (Пытанне вызначэння
прыналежнасці гаворак Берасцейшчыны й Піншчыны, як лакмусавая паперка, выяўляе
палітызаванасць, а часам і павярхоўнасць савецкага мовазнаўства. Калі нехта
з менскіх лінгвістаў дзяліў усе гаворкі на ўкраінскія й беларускія роўненька
па лініі беларуска-ўкраінскай мяжы, гэта можна аднесці на палітычны рахунак,
але калі карыфеі ўкраінскага мовазнаўства праводзяць мяжу між беларускімі і
ўкраінскімі гаворкамі па гэтай граніцы або па поўначы Камянецкага і ўсходняй
адміністрацыйнай граніцы Пружанскага і Кобрынскага раёнаў, гэта ўжо немаведама
што, бо паміж гаворкамі Кобрыншчыны і Дарагічыншчыны няма зусім ніякай розніцы.)
Працэс фармавання ўкраінскай ідэнтычнасці ў асяроддзі аўтахтонаў і лініі прыцягнення
да ўкраінскае нацыянальна-дзяржаўнае арбіты былі гвалтоўна перарваныя. Рэпрэсіўны
апарат запрацаваў на вынішчэнне ўсяго ўкраінскага.
Толькі паводле афіцыйнай савецкай статыстыкі за прыналежнасць да ўкраінскіх
нацыяналістычных арганізацыяў у 1943-1953 гадах на Берасцейшчыне й Піншчыне
было арыштавана 1282 чалавекі, большасць з якіх дадому не вярнулася. Драму тутэйшых
сялянаў, заціснутых між рознымі няроўна ўзброенымі сіламі, цяжка апісаць. Дастаткова
хіба што нагадаць звесткі, якія прывёў у сваім артыкуле, надрукаваным у часопісе
"Архівы і справаводства", супрацоўнік архіваў КГБ Ігар Валахановіч:
падчас толькі адной пацыфікацыі антысавецкага падполля на Берасцейшчыне і Піншчыне,
якая праводзілася з 15 студзеня да 20 лютага 1945 году, савецкія войскі і сілы
МДБ атачылі 839 населеных пунктаў, абшукалі 48 479 двароў, праверылі 165 137
чалавек, прачасалі 12 тыс. кв. км лясоў і балотаў. У выніку яны разграмілі 33
узброеныя групы, забілі 98 і арыштавалі 3808 чалавек. Свабоду і жыццё можна
было страціць за адну наяўнасць у хаце твораў украінскіх класікаў, за найменшыя
праявы ўкраінскіх нацыянальных пачуццяў. Сутнасна такая ж палітыка праводзілася
і ў 60-80-х, толькі менш гвалтоўнымі метадамі.
Затое беларуская ідэнтычнасць пачала фармавацца позна і прыцягненне да беларускага
цэнтру не паспела ўмацавацца (гэта адбудзецца толькі ў 90-х). У выніку на Берасцейшчыне
і Піншчыне захоўвалася этнічная група з аслабленай ідэнтычнасцю, якая пад сярэдзіну
80-х яшчэ валодала, актыўна ці пасіўна, мясцовымі дыялектамі ўкраінскай мовы.
Новая "вясна народаў", забушаваўшы ў рэгіёне, не магла не пасеяць
пакутлівай збянтэжанасці ў душах няўпэўненых у сваёй нацыянальнай прыналежнасці
пашпартных беларусаў Берасцейшчыны і Піншчыны. Пагатоў што за час знаходжання
ў складзе Беларусі за кошт русіфікацыі і беларусізацыі ўзмацніліся адрозненні
мясцовай культуры і дыялектаў ад украінскіх.
Знайсці гістарычную легітымацыю самастойнаму нацыятворчаму праекту, аднак, было
не проста: сярэднявечныя Берасцейскае і Пінскае княствы ніколі не ўяўлялі самастойнай
сілы. Мікола Шэляговіч вылучыў "яцвяжскую тэорыю", хоць так і не змог
пераканаць у ёй большасць сваіх паплечнікаў (як сведчаць пратаколы паседжанняў
Управы ГКЗ "Полісьсе", ягоныя сябры ўвесь час падкрэслівалі стрыманае
стаўленне да яе).
Этнічны матэрыял, з якога меркавалася вырабіць чацвёрты ўсходнеславянскі або
трэці балцкі народ, быў на той момант ужо моцна зрусіфікаваны (паводле Хведара
Клімчука, які грунтаваўся на звестках перапісу 1989 г., расійскую мову назвалі
тады роднай 22,5% карэнных жыхароў Берасцейшчыны й Піншчыны, рэальная ж лічба
тых, хто карыстаўся расійскай мовай у побыце, была яшчэ вышэйшаю). Расійская
мова была мовай адміністрацыі, буйнейшых гарадоў, шматлікіх вайсковых базаў.
Носьбітамі загародскіх (берасцейскіх)гаворак заставаліся пераважна сялянскія
і работніцкія слаі. Паколькі ўмовай сацыяльнага прасоўвання, уваходжання ў вышэйшыя
слаі расійскага, польскага і савецкага грамадстваў быў пераход на мову паноўнай
нацыянальнасці і прыняцце ейных культурных кодаў, толькі нязначная колькасць
інтэлігенцыі працягвала атаесамляць сябе з "тутэйшай" традыцыяй.
Апроч таго, большасць інтэлігентаў, што ўпрэгліся ў рэалізацыю заходнепалескага
праекту, жыла ў Менску, а не на Берасцейшчыне і Піншчыне (іншасць лепш адчуваецца
ў параўнанні). Самабытнай культуры сучаснага, урбаніcтычнага кшталту палешукі
не мелі, ды нават горш - урбаніcтычная ўкраінская й беларуская культуры самі
на той час былі недастаткова развітыя, не даючы адэкватнага ўзору. Прыходзілася
шукаць сабе святыні ў архаіцы.
А ў краіне бушавала перабудова. Падаў Савецкі Саюз, паўставала Рэспубліка Беларусь.
Логіка цэнтралізаванай эканомікі ў муках канала. Надыходзіла логіка капіталізму.
Плён працы
"Новаяцвягі" прэтэндавалі і на ўкраінскія ды польскія землі: Роўна,
Луцк, Сарны, Белую Падляскую, Бельск. Гэтыя прэтэнзіі, аднак, не падмацаваліся
колькі-небудзь значнымі аргументамі. Украінскія і польскія сябры "Полісься"
(сярод іх былі, напрыклад, беластоцкая журналістка Ганна Кандрацюк і луцкі філолаг
Віктар Давыдзюк) спачатку проста не разумелі, куды іх зацяглі, а калі зразумелі,
пачырванелі і паразбягаліся. Дзейнасць групы Шэляговіча фактычна абмежавалася
Беларусяй. Але і тутака характар дзейнасці быў пераважна філалагічны (хоць пры
гэтым корпус створаных "новаяцвягамі" тэкстаў не перавысіў некалькі
соцень старонак, а газета "Збудінне" так і не набрала больш за 400
рэальных, а не фікцыйных, падпісчыкаў, пры тым, што ў рэгіёне праз кіёскі прадаецца
асобнікаў не больш, чым разыходзіцца па падпісцы).
Палітычны нацыяналізм "яцвягаў", якому супрацьстаялі расійска-савецкая,
беларуская, украінская і польская нацыянальна-дзяржаўныя ідэі, быў зусім слабы
і няздольны да канкуравання з іншымі нацыяналізмамі.
Крытычны момант падзення Савецкага Саюзу і цэнтралізаванай эканомікі надышоў,
калі заходнепалескі аўтанамісцкі рух па сваёй вядомасці ў народзе не быў да
гэтага гатовы. Мікола Шэляговіч заўсёды бачыў перспектывы ачольванага ім руху
ў кантэксце абноўленага Савецкага Саюзу. Менавіта падчас апошняга ўсесаюзнага
перапісу ў пералік нацыянальнасцяў і народнасцяў былі ўключаныя "пінчукі"
(з якімі амаль ніхто сябе не атаясаміў), ува ўсесаюзным Камітэце па друку было
першапачаткова зарэгістраванае "Збудінне".
Аўтанамісцкі рух аказаўся слабы на Палессі. Колькасць ягоных актывістаў так
і не перавысіла сотні, а сімпатыкаў - некалькіх тысячаў.
Але ўкраінскі рух тамака, падзелены на некалькі канкуруючых на непрынцыповай
глебе арганізацыяў, аказаўся не мацнейшы, чым заходнепалескі аўтанамісцкі. Непараўнальна
слабейшы, чым у 20-30-х і 40-50-х гадах, ён згуртаваў пераважна або былых палітвязняў,
або мігрантаў з Вялікай Украіны. Але ні першыя сваіх унукаў, ні другія сваіх
дзяцей у рух ужо прывесці не змаглі. Украінцы выдавалі газету "Берестейський
край" - нешта сярэдняе між насценным баявым лістком і раёнкай, правялі
пару псеўдафальклорных песенных фестываляў, трошкі пашумелі ў медыях, спрабавалі
арганізаваць выкладанне ўкраінскай мовы ў школах - няўдала. Украінскасць аказалася
непрыцягальнаю перадусім дзеля жахлівай беднасці і эканамічнай адсталасці суседняй
Валыні, якая і фармуе ў берасцейцаў вобраз Украіны.
Фактычна, аказалася, што савецкая дзяржава здолела за 40 гадоў вынішчыць украінскую
свядомасць на Берасцейшчыне й Піншчыне. Малапрыемны факт поспеху прымусовае
дэнацыяналізацыі. Яцвяжскі праект засведчыў найперш крызіс украінскай ідэнтычнасці
ў рэгіёне.
Згортванне
Сканчэнне пераходнага перыяду ў грамадстве, адсутнасць чаканай рэакцыі шырокіх
масаў, паступовае запаўненне ідэалагічнага вакууму, з якога імкнуліся скарыстаць
палескія будзіцелі - усё гэта прымушала апошніх паступова згортваць сваю дзейнасць.
Яшчэ некалькі гадоў, і іхны рух цалкам знік з культурнай і палітычнай мапы Беларусі.
У 1994 годзе Мікола Шэляговіч далучае "Полісьсе" да рэваншысцка-савецкага
Народнага Руху Беларусі, удзельнічае разам з кіраўніком кампаніі "Лада-ОМС"
Ваганавым і адыёзным журналістам Гукоўскім у стварэнні Партыі ўсебеларускага
адзінства і згоды, едзе ў Маскву дзеля падпісання пратаколу аб намерах сумесных
дзеянняў з партыяй ПРЕС (з расійскага боку паперу падпісаў цяперашні палітэмігрант
Сяргей Станкевіч), спрабуе вылучыць сваю кандыдатуру ў прэзідэнты краіны, але
набірае толькі 3700 - пры патрэбе 100 тысячаў - подпісаў у сваю падтрымку (пытанне,
колькі з іх было зроблена адною рукою, не высвятлялася). Праз год ён яшчэ балатуецца
ў парламент, але прайграе ў Пінскай акрузе, не прайшоўшы нават у другі тур,
саступаючы і кандыдату ад "партыі ўлады", і камуністу, і прадстаўніку
БНФ. Такі самы вынік напаткаў іншых актывістаў руху ў Янове і Кобрыні. Старыя
паплечнікі Шэляговіча з шэрагаў дэмакратычнай інтэлігенцыі цураюцца "Полісься",
абураныя ягонымі гешэфтамі з чырвона-зялёнымі, Аляксандр Лукашэнка тым часам
умацоўвае свой рэжым асабістай улады.
І так, нібы заданне ягонае выкананае, Шэляговіч-паэт, Шэляговіч-палітык, Шэляговіч-лінгвіст,
Шэляговіч-выдавец раптоўна знікаюць, толькі Шэляговіч-бізнесовец працягвае раз'язджаць
па Менску то на сваім шэрым "Мерседэсе", то на зялёным "БМВ".
Параўноўваючы з схемай Гроха
Паводле чэшскага гісторыка М.Гроха, класічная схема разгортвання нацыятворчых
рухаў бездзяржаўных народаў Цэнтральна-Ўсходняй Еўропы складалася звычайна з
трох этапаў. Першая фаза характарызуецца актыўнасцю малога кола, складзенага
збольшага з інтэлігенцыі, якая не абавязкова нават гаворыць на нацыянальнай
мове. Гэтая невялікая група дакументуе традыцыйную народную культуру і спрабуе
акрэсліць агульныя ўяўленні пра свой народ. Падчас другой фазы бездзяржаўны
народ адраджае сваю мову, якая раней лічылася простанароднай гаворкай, усё больш
выкарыстоўвае яе ў адукацыі, літаратуры, культуры, на гэтай мове ўзнікае прэса.
На трэцяй фазе ствараюцца арганізацыі нацыянальнага тыпу, узнікаюць палітычныя
партыі і адбываецца палітычная мабілізацыя - апошняя фаза доўжыцца аж да ўтварэння
нацыянальнае дзяржавы. Калі ісці за гэтай схемай, дык заходнія палешукі прайшлі
(мовазнаўцы Клімчук, Лучыц-Федарэц, археолаг Кухарэнка, філолаг Шэляговіч і
інш.) першую стадыю, распачалі другую (газета "Збудінне", пісьменнік
Трушко, тэлефестываль "Етвызь", уключэнне Міністэрствам адукацыі Беларусі
заходнепалескай мовы ў спіс моваў, на якіх можа весціся навучанне і г.д.), але
рэалізацыя гэтых этапаў была хутчэй прыватным інтарэсам адзіночак, а не арганізаванага
кола, прычым адзіночак, для якіх гэтая справа часцяком была проста кепскім кампрамісам,
легальным заменнікам цалкам нелегальнага ўкраінафільства. І "Полісьсе"
так і не стала арганізацыяй у поўным сэнсе гэтага слова.
Стратэгіі заходнепалескага "адраджэння", імпульсы да рэалізацыі якіх
паступалі звонку, не выклікалі зменаў у масавай свядомасці і псіхалогіі людзей,
за выняткам вузкага, у пару дзесяткаў чалавек, кола актывістаў, культурны даробак
не пакінуў следу ў свядомасці тутэйшага насельніцтва. Цікавасць да мясцовага
фальклору, дыялектаў, гісторыі, тэрытарыяльны патрыятызм не знайшлі пунктаў
счаплення з палітычным праектам.
Сярод прычынаў адсутнасці такой зваротнай сувязі можна назваць і няўдала выбраны
этнонім "яцвягі", і ўжыванне надмернай колькасці вузкараённых словаў,
уласцівых адным паўднёваянаўскім гаворкам, і залішак архаізмаў і не заўсёды
ўдалых неалагізмаў у мове, усіх гэтых словаў, незразумелых нават адукаванаму
чытачу, і складаны алфавіт мовы ("самая аддаленая берасцейска-пінская гаворка
нам бліжэйшая, чымся той варыянт заходнепалескае літаратурнае мікрамовы Шэляговіча",
- такое характэрнае выказванне мясцовай інтэлігенцыі цытуе Х.Клімчук), і спрэчны
выбар протанацыянальнага цэнтру - не ўніверсітэцкае і прамысловае Берасце (што
праўда, моцна зрусіфікаванае), а раённы Пінск, і палітычны апартунізм лідэра,
і слабасць сувязі з мясцовымі палітычнымі і эканамічнымі элітамі (стаўленнем
уладаў, як цэнтральных, так і мясцовых, было хутчэй ігнараванне), і брак натуральных
межаў, адасобленага рынку і гістарычнае традыцыі, і няпэўнасць сімвалічнай легітымацыі,
тых падставаў для "гордасці малой радзімай", дзякуючы якім паступова
пераадольваюцца сувязь і ідэнтыфікацыя з "вялікай радзімай", вялікай
нацыяй, і адбываецца змена ідэнтыфікацыі, якая заключаецца не столькі ў перамене
мовы, колькі ў перамене культурных кодаў, сістэмы нацыянальных сімвалаў і міфаў.
"Яцвяжскі" міф a priori пазбаўляе іх: не было ў мінуўшчыне магутнай
яцвяжскай дзяржавы, не было нацыянальных герояў ці прарокаў.
Падазрэнні
Таму некаторыя лічаць, што "яцвяжскі" праект ад самага пачатку быў
скіраваны не на шырокія масы - праз розныя сродкі камунікацыі ад царкоўных казаняў
да электронных медыяў, бо толькі так магчыма закласці падмурак нацыі - а на
вузкую, уразлівую на сепаратысцкі дыскурс і папярэдне падрыхтаваную культурна-краязнаўчым
рухам групу інтэлігенцыі. І меў на мэце гэты праект, лічаць яны, не падрыхтаваць
удзельнікаў руху да шырокай асветніцкай, а ў перспектыве і палітычнай працы,
а наадварот, адвярнуць іх ад далучэння да якога-кольвек руху нацыянальнай эмансіпацыі,
скіраваўшы на заведама тупіковую каляіну.
Рух "новаяцвягаў" сапраўды можна разглядаць як спробу рэалізацыі нацыятворчага
праекту, а можна - як маштабную палітычную інтрыгу ці ўмелую правакацыю КДБ
супраць беларускага і ўкраінскага нацыянальна-вызвольных рухаў. Маўляў, як Малдове
стварылі Прыднястроўе, так тутака хацелі стварыць Яцвязь.
Застаецца без вычарпальнага адказу пытанне, што найбольш рухала нядаўнім выкладчыкам
беларускай мовы й літаратуры ў Менскай школе КДБ і супрацоўнікам наскрозь кадэбісцкай
газеты "Голас Радзімы" М.Шэляговічам: жаданне закласці падмуркі новай
нацыянальнай тоеснасці або, наадварот, заданне знішчыць перадумовы да гэтага,
здыскрэдытаваўшы рух у зародку.
Як толькі Шэляговіч адмахнуўся ад сваіх, як ён цяпер кажа, "юнацкіх аблудаў",
і ягоныя "яцвягі" зніклі, "акі обры". Зрэшты, хто можа гарантаваць,
што некалі яны не выйдуць з пушчы зноў? Разрывы паміж "адраджэннямі"
не ўспрымаліся і не ўспрымаюцца як нешта незвычайнае ў Цэнтральна-Ўсходняй Еўропе,
рэгіёне з драматычнай гісторыяй.
Праўда, якой можа быць у будучыні легітымацыя адроджанага руху ўва ўмовах, калі
імкліва і, усё выдае на тое, незваротна знікаюць украінскія дыялекты Берасцейшчыны
й Піншчыны?
Параза "яцвяжскага праекту" засведчыла яшчэ раз, што развіццё нацыяналізму
з'яўляецца найперш палітычным, а не культурным пытаннем. Нацыятворчы праект
аказваецца паспяховы тады, калі ён абапіраецца на гістарычную традыцыю і супадае
з шчаслівай палітычнай кан'юнктурай. Толькі тады "супольнасць" аказваецца
здольнаю "ўявіць сябе" супольнасцю і рэалізаваць сваё адзінства.
А ў заходнепалескім адраджэнні 80-90 х усё цяпер здаецца сном постмадэрніста:
адзінаю кнігай, што выйшла на "заходнепалескай мове", была кніга па
шахматнай кампазіцыі цудоўнага кобрынскага трэнера Стэпана Давыдзюка, а адзінай
граматыкай заходнепалескай мовы, што так і не выйшла друкам, была граматыка,
складзеная ў якасці дыпломнай працы студэнта філфаку Міколы Шэляговіча. "Кубыла
ысториjі" (няхай Юзё Дынысюк даруе мне крадзеж назвы ягонага верша) панесла
гэты сон у вечнасць.
З падзякай за каштоўныя парады ссп. Алегу Латышонку, Аляксандру Рыбалку і Хведару Клімчуку.
Паводле "ARCHE-Скарына" №6-2000.