Заходнепалеская мова
/ Эдуард Мазько /
Палессе ў канцэпцыях беларускіх палітычных партый Заходняй Беларусі
Пытанне Палесся ў канцэпцыях беларускіх палітычных
партый Заходняй Беларусі не з'яўляецца відавочнай праблемай. Яно не ўзнімалася
востра і, з гледзішча тагачасных варункаў, не патрабавала неадкладнага вырашэння.
Аднак гэта не дае нам падставы гаварыць аб неіснаванні гэтай праблемы ці аб
яе неістотнасці для беларускага нацыянальна-вызвольнага руху ў міжваеннай Польшчы.
Адназначна можна сцвярджаць, што ў той час для беларускай інтэлігенцыі не магло
быць актуальным пытанне аб этнічнай самастойнасці Палесся. Гэты край трактаваўся
з пазіцый дапасаванасці да прасторы беларускіх ці ўкраінскіх нацыянальных, палітычных,
культурных і іншых інтарэсаў.
Пытанне аб тэрытарыяльнай прыналежнасці Палесся не вылучалася беларускімі палітычнымі
партыямі асобна, але было звязана з агульнай праблемай будучага дзяржаўнага
будаўніцтва Беларусі. Акрамя таго, канкрэтнае вырашэнне гэтай праблемы залежала
ад палітычнай арыентацыі той ці іншай партыі.
Умоўна ўвесь беларускі нацыянальна-вызвольны рух у Заходняй Беларусі можна падзяліць
на чатыры плыні: нацыянальна-дэмакратычная; пракамуністычная; паланафільская;
нацыяналістычная.
Да нацыянальна-дэмакратычнай плыні адносіліся Беларуская хрысціянская дэмакратыя,
Беларускі сялянскі саюз, Беларускае праваслаўнае дэмакратычнае аб'яднанне і
некаторыя іншыя. Яны ставілі сабе за мэту стварэнне самастойнай Беларусі, якая
аб'яднала б у сабе ўсе беларускія этнаграфічныя землі1.
Да ліку апошніх адносілася і Палессе. Дасягненне дадзенай мэты прадугледжвалася
праз пашырэнне нацыянапьнай свядомасці беларусаў, сярод іх і палешукоў. Так,
у рэдакцыйным артыкуле "Беларускай Крыніцы", органе БХД, адзначалася:
"Не павінна астацца нідзе нават адной вёскі, куды не даляцела б думка аб
адраджэньні нашага народу. Найболей зрусіфікаваныя, найболей спаланізаваныя
і найболей цёмныя вёскі павінны апынуцца пад беларускім сьцягам. Пачынаючы ад
мазурскіх і ўкраінскіх абшараў, ад Буга і Прыпяці - аж да Дзьвіны, усюды павінна
даляцець вестка, што ў нашым краі будуецца новае жыцццё, што паднявольны Беларускі
народ бярэ сваю долю ў свае рукі - і будзе каваць для сябе лепшую будучыню"2.
Аднак рэальная сітуацыя выглядала крыху інакш. Палітычныя партыі гэтай плыні
не былі ў стане разгарнуць шырокамаштабную дзейнасць на тэрыторыі Палесся. Галоўнай
прычынай такога становішча ёсць нізкі ровень беларускай нацыянальнай свядомасці
палешукоў, што аўтаматычна звужала магчымасці актыўнага ўплыву на іх з боку
беларускіх нацыянал-дэмакратаў. Сваю ролю ў фармаванні такой сітуацыі адыграў
і той факт, што Палессе знаходзілася на перыферыі беларускага нацыянальнага
адраджэння канца XIX - пачатку XX стагодцзя. Беларускасць не мела тут трывалай
традыцыі і выразна пачынае выяўляцца з 20-х гадоў. Беларуская хрысціянская дэмакратыя
і Беларускі сялянскі саюз, якія мелі даволі значны ўплыў на Віленшчыне, Наваградчыне
і Беласточчыне, на тэрыторыі Палесся змаглі актыўна дзейнічаць толькі ў Пружанскім
і Баранавіцкім паветах. Нават Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры, асветніцкая
арганізацыя гэтых партый, меў лічаныя суполкі ў Палескім ваяводстве (Пінск,
Бяроза-Картузская, Ружаны, вёскі Бакуны і Дабучын Пружанскага павета)3.
Нельга таксама забываць, што на Палессе прэтэндавалі і палітычныя колы Заходняй
Украіны. Таму не апошняе месца ў вырашэнні праблемы прыналежнасці гэтых тэрыторый
займалі беларуска-ўкраінскія стасункі ў міжваеннай Польшчы. Беларускія нацыянальна-дэмакратычныя
партыі актыўна супрацоўнічалі з украінскімі калегамі, супольна баранілі свае
нацыянальныя правы, разам удзельнічалі ў парламенцкіх выбарах і гэтак далей.
Завастрэнне пытання аб прыналежнасці Палесся прывяло б да ўзнікнення беларуска-ўкраінскага
канфлікту (што і здарылася пры канцы 30-х гадоў). Ні беларускія дэмакраты, ні
ўкраінскія не былі ў гэтым зацікаўлены. Так, напрыклад, "Нова Зоря"
- орган Украінскай каталіцкай партыі, абмяркоўваючы пытанне аб аўтаноміі ўкраінскіх
земляў у складзе Польшчы, змясціла карту тэрыторыі гэтай аўтаноміі, у склад
якой уключыла і паўднёвую частку Палесся. Аднак рэдакцыя агаварыла: "На
нашым карта графічным малюнку, гэтая будучая т.з. унутраная мяжа, ад захаду
і поўначы, азначана толькі шэрагам пунктаў, мае відавочна толькі прыблізны характар,
exempli gratia, і не з'яўляецца жадным канкрэхным праектам. Праўду кажучы, правясці
адміністрацыйную мяжу ў тых мясцовасцях вельмі цяжка. Яна не можа быць абапёртай
ні на сам гістарычны прынцып - бо дачыненні зусім змяніліся, ні на моўныя абставіны,
якія часта з'яўляюцца глумам над гаспадарчымі і камунікацыйнымі патрабаваннямі.
Адным словам, вызначэнне падобнай мяжы вымагае вельмі канкрэтнай падрыхтоўкі
і мае быць вынікам кампрамісу розных чыннікаў"4.
У сваю чаргу, для Беларускай хрысціянскай дэмакратыі і яе саюзнікаў праблема
прыналежнасці Палесся вельмі нагадвала праблему прыналежнасці Віленшчыны. Тоеснасць
абедзвюх праблемаў прадугледжвала і тоеснасць шляхоў іх вырашэння. Гэтыя пытанні
пераносіліся ў будучае, калі з'явіцца незалежная Беларусь, якая праз узаемапаразуменне
з сваімі суседзямі справядліва іх вырашыць.
Пракамуністычная плынь беларускага нацыянальна-вызвольнага руху была прадстаўлена
Камуністычнай партыяй Заходняй Беларусі, Камуністычным саюзам моладзі Заходняй
Беларусі, клубам "Змаганне", Беларускай сялянска-работніцкай грамадой.
Усе гэтыя партыі выступалі за далучэнне Заходняй Беларусі да БССР. Яны таксама
не ўздымалі пытанне аб прыналежнасці Палесся. Аднак прычыны ў дадзеным выпадку
былі іншыя. Найперш неабходна адзначыць, што гэтыя партыі не былі самастойнымі
арганізацыямі. Кампартыя і яе крэатуры знаходзіліся ў непарыўнай сувязі з Камуністычнай
партыяй Польшчы, а праз яе з Камінтэрнам. Адсюль яны павінны былі ўздымаць у
першую чаргу тыя пытанні, якія ставілі перад імі іх апекуны. Адназначна, што
праблема прыналежнасці Палесся не з'яўлялася для апошніх актуальнай. Акрамя
таго, звароту да яе замінала і пачуцццё інтэрнацыяналізму, якое прапаведавалі
гэтыя арганізацыі. Што тычыцца дзейнасці суполак названых партый на Палессі,
дык тут яны мелі даволі разгалінаваныя арганізацыйныя структуры. Папулярнасць
іх палягала не на нацыянальных, але на класавых інтарэсах.
Паланафілы, да якіх адносіліся некаторыя групоўкі беларускай інтэлігенцыі (Цэнтрасаюз,
Беларуская рада Паўлюкевіча, Беларуская сялянская партыя, Таварыства беларускай
асветы і іншыя), таксама не ставілі востра праблему прыналежнасці Палесся. 3
аднаго боку, яны актыўна крытыкавалі БХД і яе паплечнікаў за супрацоўніцтва
з украінцамі, якія мелі прэтэнзіі на Палессе, і з літоўцамі, якія прэтэндавалі
на Віленшчыну. 3 другога боку, іхнія ўласныя заявы аб беларускім праве на гэтыя
тэрыторыі мелі выключна дэкларацыйны характар. Тлумачыцца гэта, на наш погляд,
дзвюма прычынамі. Па-першае, арганізацыі паланафільскага напрамку не карысталіся
вялікай папулярнасцю не толькі на Палессі, але нават i на тых абшарах, дзе беларускі
нацыянальна-вызвольны рух традыцыйна меў падтрымку насельніцтва (Віленшчына,
Наваградчына, Беласточчына). Так, калі ў 1931 годзе Цэнтрасаюз здолеў займець
прыхільнікаў сваёй палітыкі на Наваградчыне, дык пачынаючы з 1932 года ён траціць
тут свае ўплывы5. Па-другое, y дзейнасці
гэтых арганізацый вельмі часта суб'ектыўна-асобасны момант пераважаў над агульнанацыянальнымі
інтарэсамі.
Беларускі нацыяналістычны рух, які пачаў фармавацца толькі ў сярэдзіне 30-х
гадоў, таксама не здолеў асобна акрэсліць сваё стаўленне да праблемы Палесся.
Як i ў выпадку нацыянальна-дэмакратычных партый, яно было звязана з пытаннем
аб'яднання ўсіх беларускіх этнаграфічных земляў. Неабходна дадаць, што неакрэсленасць
гэтага i многіх іншых момантаў тагачасных беларускіх рэалій тлумачыцца як адсутнасцю
ідэйнага адзінства гэтай плыні ("Беларускі фронт" ксяндза В. Гадлеўскага,
Беларуская нацыянал-сацыялістычная партыя, Беларуская нацыяналістычная сябрына),
так i тым, што амаль усім без выключэння гэтым арганізацыям забракавала часу
для выпрацоўкі паўнавартаснай ідэалогіі. Пра тое, што такая ідэалогія магла
б з'явіцца, можа сведчыць, напрыклад, "Ідэалагічны статут Беларускага нацыянальнага
фронту"6, y якім многія пытанні былі
толькі пазначаныя.
Такім чынам, падсумоўваючы вышэйсказанае, павінны сцвердзіць наступнае. Пытанню
аб тэрытарыяльнай прыналежнасці Палесся беларускімі палітычнымі партыямі не
надавалася нейкая выключная роля. Яно разглядалася ў непарыўнай сувязі з праблемай
цэласнасці ўсіх этнаграфічных земляў беларусаў і іх уваходжання ў склад незалежнай
Беларусі.
Акрамя таго, гэтая праблема знаходзілася ў залежнасці ад тагачасных палітычных
абставінаў i выразнай арыентацыі той ці іншай партыі.
Літаратура: