МОВЫ CВЕТУ

Заходнепалеская мова


/ А. Вабішчэвіч /

Асвета на Палессі ў 1921-1939 гадах

 

Пасля ўключэння заходнепалескага рэгіёна (як і ўсіх заходнебеларускіх зямель) у 1921 г. у склад Польшчы востра паўсталі праблемы развіцця асветы. На польскія ўлады ўскладвалася вялікая адказнасць у справе ліквідацыі непісьменнасці і малапісьменнасці, разгортвання сеткі навучальна-выхаваўчых устаноў. Статыстычныя звесткі сведчаць аб тым, што ў Палескім ваяводстве паказчык непісьменных быў большым, чым у іншых ваяводствах. У 1921 г. тут непісьменнасць складала 71% (у гарадах - 37,7%, У палескіх вёсках - 78,1%). Такім чынам, адчувалася моцная дыспрапорцыя ў адукацыйным роўні паміж гарадскім і вясковым насельніцтвам. Назіралася розніца ў адукацыі мужчын і жанчын. У Палескім ваяводстве непісьменнасць сярод мужчын складала 60,6%, а сярод жанчын - 80,6%. Для параўнання: у Польшчы непісьменнасць складала 33%, толькі 35,7% жанчын не ўмелі чытаць і пісаць1.
Адсутнічала на Палессі і разгалінаваная сетка школаў. На 125 км. кв. была адна пачатковая школа (самы нізкі паказальнік у тагачаснай Польшчы). Нават школы, якія існавалі, не адпавядалі элементарньш патрабаванням. 3-за ваенных разбурэнняў складаным было іх матэрыяльна-фінансавае становішча. Востра адчуваўся недахоп кадраў настаўнікаў. У 1921/22 навучальным годзе ў Палескім ваяводстве толькі 10% настаўнікаў мелі адпаведную кваліфікацыю. У гэтым навучальным годзе планавалася адчыніць 607 школаў, але функцыянавала толькі 356 (разам з прыватнымі), дзе 457 настаўнікаў навучалі 17 400 вучняў. На аднаго настаўніка прыпадала прыкладна 38 дзяцей2.
Заходнебеларуская рэчаіснасць была такой - школьная сфера ператварылася ў дзейсны інструмент ажыццяўлення нацыянальнай палітыкі польскіх уладаў. У дзейнасці школьнай адміністрацыі пераважалі не столькі цывілізатарскія, колькі палітычныя матывы. У дачыненнях да няпольскіх школаў шырока выкарыстоўваліся паліцэйска-адміністрацыйныя меры. Зачыняючы беларускія школы, польскія ўлады спасылаліся быццам на нізкі ровень навучальна-выхаваўчага працэсу, недастатковую кваліфікацыю педагагічных работнікаў, недахоп беларускамоўных настаўнікаў, слабую матэрыяльную падтрымку з боку насельніцтва і г.д. Закон "Аб мове і арганізацыі школьнай справы для нацыянальных меншасцяў" ад 31 ліпеня 1924 г. ніколькі не аслабіў пазіцыі польскіх школаў. Дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы іх колькасць павялічвалася. У 1925/26 навучальным годзе ў Палескім ваяводстве дзейнічалі 764 дзяржаўныя школы, з іх 753 - польскія3.
Немалое значэнне польскія ўлады надавалі кадраваму пытанню. У навучальныя ўстановы накіроўваліся пераважна настаўнікі-палякі, ураджэнцы заходніх ці паўднёвых рэгіёнаў II Польскай рэспублікі. Па стану на снежань 1926 г. у настаўніцкім корпусе дзяржаўных пачатковых школаў Палескай акругі (акрамя Палескага ваяводства ўключала яшчэ Баранавіцкі, Нясвіжскі, Стаўбцоўскі паветы Навагрудскага ваяводства) палякі складалі 86,5% у Драгічынскім і Нясвіжскім паветах, 88,7% - у Пружанскім і Столінскім, 92% - Баранавіцкім, 92,8% - Кобрынскім, 94,8% - Брэсцкім, 95% - Косаўскім, 98,9% - Пінскім4.
Татальнае насаджэнне польскіх школаў не магло не выклікаць негатыўнай рэакцыі няпольскага насельніцтва. Пасля прыняцця згаданага закона "Аб мове..." і дадатковага распараджэння Міністэрства веравызнанняў і грамадскай асветы ад 7 студзеня 1925 г. у Палескім ваяводстве, як і ў іншых землях Заходняй Беларусі, таксама абудзіўся рух за адкрыццё нацыянальных школаў. Ужо да сакавіка 1925 г. бацькі падалі школьным інспектарам 2536 заяў аб навучанні дзяцей па-беларуску5. Найбольш такіх дэкларацый склалі жыхары Косаўскага і Пружанскага паветаў. Мясцовая адміністрацыя ўсяляк гэтаму перашкаджала. У Косаўскім павеце так і не было задаволена жаданне мясцовага насельніцтва аб адкрыцці 22 беларускіх школаў. У цэлым з-за моцнага супраціўлення паліцэйска-адміністрацыйнага апарату рэальныя вынікі барацьбы за беларускія школы былі нязначныя. 3 1925/26 па 1927/28 навучальныя гады колькасць дзяржаўных пачатковых школаў з беларускай мовай навучання ў Палескай акрузе павялічылася з 2 да 7, польска-беларускіх - з 6 да 76.
3 усталяваннем у 1926 г. у Польшчы санацыйнага рэжыму Ю. Пілсудскага ідэалагічныя і палітычныя аспекты ў школьнай палітыцы ўзмацніліся. Аднак ажыццявіць на практыцы асіміляцыйныя планы было не так проста, бо вялікага размаху дасягнуў заходнебеларускі нацыянальна-вызваленчы рух.
Хоць колькасць школаў у Палескім ваяводстве няўхільна павялічвалася - у 1928/29 навучальным годзе іх было 1019, дзе вучылася 92 925 вучняў, працавала 1845 настаўнікаў7, аднак гэта не задавальняла цалкам патрэбы рэгіёна. Павольна разгортвалася сетка навучальных устаноў у "бясшкольных акругах". Толькі ў Брэсцкім павеце налічвалася ў 1926 г. 26 такіх акругаў. Падобная сітуацыя была ў Пінскім, Столінскім і Лунінецкім паветах. Значная частка дзяцей сялян была пазбаўлена магчымасці атрымаць нават пачатковую адукацыю. Паводле дадзеных перапісу насельніцтва 1931 г., у Палескім ваяводстве непісьменныя ва ўзросце больш за 10 гадоў складалі 50% насельніцтва8. Аднак гэта таксама сведчанне і пэўных станоўчых вынікаў ліквідацыі непісьменнасці. Ровень непісьменнасці жыхароў Палесся знізіўся да 16,1% у гарадах і 53,9% - у вёсках.
Супраць паланізацыі школьнай сістэмы на Палессі выступілі найперш беларускія і ўкраінскія культурна-асветніцкія арганізацыі. Наяўнасць добра заканспіраванай сеткі мясцовых арганізацый Беларускай сялянска-работніцкай Грамады дазволіла нават пасля яе разгрому разгарнуць у 1927-1932 гг. работу гурткоў Таварыства беларускай школы. У Косаве была створана акруговая ўправа ТБШ, якая ахапіла дзейнасцю Косаўскі і Пружанскі паветы.
Гурткі ТБШ наладжвалі лекцыі, аматарскія прадстаўленні, вечарыны. Разгорнутая ў канцы 1929 г. кампанія па зборы подпісаў аб адкрыцці беларускіх школаў з-за наўмысных абмежаванняў уладаў не дала станоўчых вынікаў. ТБШ здолела ўсё-такі стварыць сетку сваіх структурных адзінак. У 1930 г. у Палескім ваяводстве дзейнічалі 58 гурткоў (1088 членаў), 1932 г. - адпаведна 51 (1048)9. Болын за ўсё іх было ў Косаўскім і Пружанскім паветах. Некалькі гурткоў працавала на Піншчьше.
Рабіліся спробы стварыць акруговую ўправу ТБШ у Пружанах, але безвынікова. Польскія ўлады не дазволілі адчыніць беларускую гімназію ў Пінску. Толькі пасля забароны акруговай управы ў Косаве спынілася культурна-асветніцкая дзейнасць Таварыства ў Палескім ваяводстве. Менавіта гэтая арганізацыя разам з некалькімі гурткамі Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры (апошні з іх быў зачынены ў 1931 г. у Бярозе-Картузскай) настойліва абараняла нацыянальна-культурныя інтарэсы беларускага насельніцтва.
Традыцыі ўкраінскага культурна-асветніцкага руху на Палессі падтрымлівала таварыства "Просвіта". Яно было зарэгістравана ў Брэсце ў сакавіку 1923 г. намаганнямі пасла В.Дзмітрыюка. Паводле статута, мэтай арганізацыі з'яўлялася "развіццё асветы і ўздым культурнага становішча ўкраінскага насельніцтва Палесся"10. Таварыства адразу ж разгарнула шырокую дзейнасць: адчыніла бібліятэкі-чытальні, драмгурткі ў Брэсцкім, Кобрынскім, Сарненскім і іншых паветах, арганізавала хор, рыхтавалася да адкрыцця ў Брэсце ўкраінскай гімназіі. У снежні 1923 г. у в. Дзмітравічы Брэсцкага павета пачаў працаваць філіял дабрачыннага таварыства "Рідна хата", у 1924 г. у Брэсце - прыватная 7-класная ўкраінская школа.
Ажыўленне ўкраінскага культурна-асветніцкага руху на Палессі моцна напалохала польскія ўлады. Сведчанне таму - вытрымка са справаздачы Палескага ваяводскага ўпраўлення аб грамадска-палітычнай сітуацыі ў чэрвені 1923 г.: "Акцыя ўкраінскіх дзеячаў супраць польскай пачатковай школы падтрымліваецца ўкраінскім насельніцтвам, у некаторых мясцовасцях падае на добрую глебу" 11. Наступны дакумент - справаздача Корпуса аховы памежжа (ДОК-ІХ) за 1923 г. - таксама пацвярджае, што "Просвіта" стала рэальнай перашкодай на шляху паланізатараў: "...Акрамя бальшавіцкай агітацыі, на дадзенай тэрыторыі ўсё больш пашыраецца агітацыя з боку ўкраінскай арганізацыі "Просвіта" (украінскія самасційнікі), якія пад выглядам арганізацыі кааператываў аб'ядноўваюцца ў розных месцах тутэйшай акругі... Гэты рух больш небяспечны, чым бальшавізм, бо яго кіраўнікамі з'яўляюцца людзі інтэлігентныя, пераважна з вышэйшай адукацыяй. ...Чым далей на поўдзень, тым мацней дзейнасць "Просвіты"..."12
Утворанае ў кастрычніку 1926 г. Украінскае сялянска-рабочае сацыялістычнае аб'яднанне (Сельроб) таксама настойліва выступала ў абарону нацыянальных правоў украінскага насельніцтва. Сельроб паступова стварыў сетку гурткоў у Брэсцкім, Кобрынскім, Драгічынскім, Пінскім, Столінскім, Камень-Кашырскім і Сарненскім паветах Палескага ваяводства. Актывісты Сельроба дабіваліся адкрыцця ўкраінскіх школаў. Яны актыўна выкарыстоўвалі легальныя магчымасці работы ў "Просвіце". У сваю чаргу гэта дазволіла "Просвіце" стварыць уласную сетку гурткоў - у 1928 г. іх налічвалася 112 (1601 чалавек), 1929- 127 (1754 челавекі) у Брэсцкім, Кобрынскім, Драгічынскім, Пінскім, Столінскім і Пружанскім паветах13. Эфектыўна працавалі павятовыя ўправы ў Брэсце і Кобрыне. У Брэсце былі арганізаваны агульнаадукацыйныя і кааператыўныя курсы. Актывісты-ўкраінцы стваралі на месцах кааператывы, цэнтры нацыянальнай культуры ("Рідна хата"). Самадзейныя мастацкія калектывы наладжвалі тэатральныя пастаноўкі. Да пачатку 1929 г. удалося адкрыць 127 бібліятэк-чытальняў.
Рэпрэсіі з боку польскіх уладаў падрывалі моц "Просвіты". У 1930 г. ацалелі толькі 79 гурткоў (1534 чалавекі), на наступны год - 56 (1031 чалавек)14. Пазіцыі гэтай легальнай культурна-асветніцкай арганізацыі таксама аслабляліся палітычным экстрэмізмам дзеячаў КПЗБ. Пад націскам польскай паліцыі кіраўнік "Просвіты" на Палессі А. Базылевіч 1 чэрвеня 1932 г. зачыніў 30 бібліятэк-чытальняў - "ачагоў камунізма". У 1933 г. былі ліквідаваны ўсе вясковыя бібліятэкі-чытальні "Просвіты" - засталася толькі 1 у Брэсце. Такі ж лёс напаткаў і гурткі - засталіся толькі 2. Фактычна з гэтага часу дзейнасць "Просвіты" ў Палескім ваяводстве прыйшла ў заняпад. Крытычным заставалася становішча адзінай украінскай школы ў Брэсце.
Абмежаванні і пераследы ў галіне адукацыі зазнала і руская меншасць на Палессі. У 1921 г. у Брэсце намаганнямі мясцовага аддзялення Рускага дабрачыннага таварыства была адчынена руская гімназія. Як узгадвае М. Мантвілаў, які там вучыўся, руская пачатковая школа і гімназія аказаліся безабароннымі перад свавольствам польскіх уладаў. У 1928/29 навучальным годзе школьныя чыноўнікі запатрабавалі пад пагрозай закрыцця гімназіі займець уласны будынак. Дзякуючы маральнай і матэрыяльнай падтрымцы Рускага Дабрачыннага Таварыства, мясцовага рускага насельніцтва, праваслаўнай брацкай царквы, якая дала бясплатна участак зямлі, новы будынак гімназіі быў узведзены летам 1930 г.15
Руская гімназія ў Брэсце з'яўлялася своеасаблівым нацыянальна-культурным цэнтрам. У гімназіі працавалі літаратурны, гістарычны, фізічны гурткі, гурток прыродазнаўства "Зялёныя сябры", аматараў-фатографаў. Гімназісты мелі сваю скаўцкую арганізацыю, займаліся мастацкай самадзейнасцю, выдавалі часопіс "Проблескн". У 1935/36 навучальным годзе ў яе 6 класах вучыўся 141 вучань. Усяго ж у 1921-1939 гг. у рускай гімназіі і пачатковай школе ў Брэсце вучылася 8-8,5 тыс. чалавек' 16.
У 1930/31 навучальным годзе ў Палескім ваяводстве статус дзяржаўных акрамя польскіх мела 1 беларуская, 10 польска-беларускіх пачатковых школаў. У 30 польскіх школах вывучалася беларуская мова. Дзейнічалі некалькі польска-ўкраінскіх школаў. Аднак да сярэдзіны 1930-х гг. сітуацыя з няпольскай адукацыяй значна пагоршылася - беларускія, украінскія школы зніклі наогул, а польскія навучальныя ўстановы сталі панавальнымі17.
Няпольскае насельніцтва вымушана было ўтрымліваць прыватныя школы. Гэты тып устаноў адукацыі знаходзіўся пераважна ў руках яўрэйскай нацыянальнай меншасці. У 1921 г. у Палескім ваяводстве было 32 прыватныя школы, што складала 8,9% ад агульнай колькасці школаў18. Да 1926 г. лічба прыватных школаў узрасла да 6119 У 1928 г. іх было 65, з іх 7 - з польскай мовай выкладання, 8 - з польскай мовай, дзе іўрыт вывучаўся як прадмет, 18 - з выкладаннем на іўрыце, 13 - на ідыш, 10 - з выкладаннем на ідыш, а польская мова і іўрыт - прадметы, 2 - з вучобай на іўрыце, ідыш - прадмет, 5 - з выкладаннем па-польску, а іўрыт і ідыш - прадметы, 2 - з выкладаннем па-руску, дзе вывучалі польскую і ўкраінскую мовы20. Да 1937 г. лік прыватных школаў у Палескім ваяводстве дасягнуў 166 (12,5% ад агульнай колькасці)21. Безумоўна, што яны не маглі задаволіць адукацыйныя патрэбы мясцовых жыхароў.
Утворанае ў 1921 г. "Аб'яднанне яўрэйскіх школаў" займалася пачатковымі і сярэднімі школамі для яўрэйскіх дзяцей на іўрыце. У Пінску і іншых гарадах пачалі стварацца аддзяленні яўрэйскага культурна-асветніцкага таварыства "Тарбут" ("Культура"). 3 1922 г. у Пінску існавала яўрэйская прыватная гімназія з выкладаннем на іўрыце. Там жа былі адчынены дзве 7-класныя школы, куды прымалі яўрэйскіх дзяцей 7-8-гадовага ўзросту. У 1934 г. у Палескім ваяводстве налічвалася яшчэ 28 пачатковых школаў з выкладаннем на іўрыце, 9 дзіцячых садкоў22.
Акрамя агульнаадукацыйных дзейнічалі таксама яўрэйскія рэлігійныя школы - хедары, талмудторы, школы "Бет-Якаў" для дзяўчат і ешыботы для хлопцаў. У Пінску працавалі прыватныя пачатковыя рэлігійныя школы -- 2 талмуд-торы (2-класная, дзе штогод вучылася да 200 вучняў, і 4-класная, дзе было больш за 120 вучняў), 8-класныя "Хайраў" і "Тушыя"23. Рэгулярна наладжваліся рэлігійныя курсы.
Становішча яўрэйскіх прыватных школаў было складаным. Яны ўтрымліваліся за кошт платы за вучобу, невялікіх субсідый магістрата i ахвяраванняў яўрэйскага насельніцтва. Нярэдка навучанне праводзілася ў непрыстасаваных памяшканнях. Адчуваўся недахоп падручнікаў. Так, y 8-класнай школе "Хайрэў" y Пінску на 120 вучняў y бібліятэцы было ўсяго 75 кнігаў24.
У 1930-я гт. польскія ўлады не здолелі карэнным чынам выправіць сітуацыю ў галіне адукацыі на Палессі. Аб слабым матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні школаў сведчыць справаздача Таварыства развіцця ўсходніх зямель. У 1936 г. на Палессі з 236 тыс. дзяцей школьнага ўзросту толькі 183 тыс. вучыліся, астатнія (23%) не былі ахоплены школьным навучаннем. 3 тых, што хадзілі ў школу, каля 50% вучыліся ў неадпавядальных для вучобы умовах, бо адсутнічала дастатковая колькасць настаўнікаў, не хапала школьных будынкаў i жылля для настаўнікаў. 3 1200 будынкаў 820 былі арэндаванымі. Больш за 200 будынкаў мелі ўмовы ніжэй элементарных патрабаванняў.
У 1935/36 навучальным годзе ў Брэсцкай школьнай акрузе дзейнічала 25 прафесійных школаў (2444 навучэнцы), з ix большасць - прыватныя (заснаваны грамадскімі арганізацыямі i прыватнымі асобамі). Толькі 4 сельскагаспадарчыя школы мелі дзяржаўны статус. Гэты тып навучальных устаноў таксама быў слаба забяспечаны адпаведнымі ўмовамі.
Як адзначалася ў згаданай справаздачы, без фінансавай падтрымкі дзяржавы ні гміны, ні Таварыства дапамогі будаўніцтву грамадскіх пачатковых школаў не маглі тады карэнным чынам выправіць становішча: "Пры далейшым падтрыманні цяперашняга тэмпу інвестыцый Палескае ваяводства толькі праз 140 гадоў ... дасягне цяперашняй гушчыні брукаваных дарог Варшаўскага ваяводства..."25 Сцвярджалася, што ўкладванне інвестыцый y заходнепалескі рэгіён мае не толькі сацыяльна-эканамічнае, але i палітычнае значэнне: "Жыхары Палесся ў пераважнай масе (63%) не ўсведамляюць сябе нацыянальна, не адчуваюць сябе ні ўкраінцамі, ні беларусамі, застаючыся палешукамі, г. зв. "тутэйшымі"... Каб паляшук не паддаваўся падрыўным антыдзяржаўным уплывам, не ўкраінізаваўся, беларусізаваўся, мы павінны яго звязаць з дзяржавай матэрыяльнымі i духоўнымі вузамі, мусім стварыць адпаведныя ўмовы гаспадарчага i культурнага быту, задаволіць мінімальныя патрэбы, магчымасць навучання дзяцей y польскай школе..."26
Прапаноўвалася распачаць інвеставанне ў развіццё шляхоў зносін, меліярацыі, пераапрацоўкі сыравіны, a таксама асветы. Па распрацаванаму плану пашырэння пачатковай адукацыі прадугледжвалася ў першыя 4 гады разгарнуць будаўніцтва школаў i жылля для настаўнікаў. У прыватнасці, меркавалася ўзвесці школьныя будынкі дзяржаўных гімназій y Брэсце, Лунінцы. "Дзяржаўная гімназія ў Лунінцы цяпер знаходзіцца ў 3 чыгуначных будынках, непрыстасаваных да патрэб установы i вельмі аддаленых адзін ад аднаго. Адзін з будынкаў нават аддалены ад галоўнага гмаху чыгуначным пераездам..."27 Было запланавана ўзвядзенне гмахаў педагагічных ліцэяў y Брэсце, Пінску, будынка папячыцельства Брэсцкай школьнай акругі i інш.
Пазіцыі польскіх школаў на Палессі ўзмацняліся праз дзейнасць культурна-асветніцкай арганізацыі - Польскага школьнага таварыства (Polska Macierz Szkolna). Яна займалася "распаўсюджваннем i падтрымкай асветы ў хрысціянскім i нацыянальным духу". Дзеячы Польскага школьнага таварыства лічылі, што ў "нацыянальнай асіміляцыі палешукоў менавіта кадры палескай інтэлігенцыі, што паходзіць з вёскі i выхавана ў яе прымітыўных умовах паўсядзённнага побыту, могуць i павінны выканаць асноўную ролю..."28 Таму гурткі PMS накіроўвалі сваю працу на ліквідацыю "бясшкольных акруг", аднак адукацыю атрымлівалі пераважна дзеці асаднікаў і чыноўнікаў. Больш паспяхова гурткі працавалі ў галіне пачатковай адукацыі. Колькасць пачатковых школаў Таварыства ўзрасла з 13 у 1931/32 навучальным годзе да 115 у 1938/3929. У асноўным гэта былі прыватныя школы 1-й ступені. Звичайна ў такіх 4-класных школах працаваў адзін настаўнік.
Мясцовую адміністрацыю і польскія ўрады не задавальнялі тэмпы нацыянальна-культурнай асіміляцыі Палесся. "Тэрыторыя Палесся має каласальнае значэнне з палітычна-нацыянальнага пункту гледжання як клін паміж уплывам Беларусі і Украіны. Каланізацыя палешукоў значна паскорыць вырашэнне пытання аб народнасці ў цэлым на прасторы паўночна-ўсходніх зямель..."30 Таму прымаліся канкрэтныя захады ў справе пашырэння паланізацыі заходнепалескага рэгіёна.
Напярэдадні верасня 1939 г. у Палескім ваяводстве з 1075 пачатковых школаў 1-й ступені было 811, 2-й - 170, 3-й - толькі 9431. Даволі вялікім захоўваўся працэнт адсеву. 3-за дрэннага здароўя, аддаленасці школаў, неабходнасці дапамагаць бацькам па гаспадарцы, матэрыяльнай незаможнасці і іншых прычын у часткі вучняў былі дрэнныя вынікі вучобы. Фактычна няпольскіх навучальных устаноў былі адзінкі. Уся адукацыйная сістэма ператварылася ў фактар паланізацыі насельніцтва Палесся.

 

Літаратура:

  1. Polski stan posiadania na Polesiu. Brześć n/B., 1939. 32; Białostocczyzna. 1994. № 1.
  2. Дзяржаўны архіў Брэсцкай вобласці (далей—ДзАБВ), ф. 59, воп. 8, спр. 146, арк. 8; Rocznik Poleski. Brześć n/B., 1927.
  3. Szkoły powszechne Rzeczypospolitej Polskiej w roku szkolnym 1925/26 (Stan z dnia l grudnia 1925 roku). Warszawa, 1927. S. LXXXII—LXXXIII.
  4. ДзАБВ, ф. 59, воп. З, спр. 1196, арк. 481—498.
  5. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь, ф. 883, воп. 1, спр. 77, арк. 148—154.
  6. ДзАБВ, ф. 59, воп. 2, спр. 10, арк. 12—13; спр. 309, арк. 2—3.
  7. Тамсама, воп. 8, спр. 146а, арк. 8; воп. 1, спр. 314, арк. 45—47.
  8. Drugi powszechny spis ludności, zeszyt 62. Warszawa, 1937. S. 46.
  9. ДзАБВ, ф. l, воп. 9, спр. 47, арк. 13.
  10. Статут Українського товариства "Просвіта" на Поліссі. Brześć n/B., 1928. S. 3.
  11. ДзАБВ, ф. 67, воп. 1, спр. 364, арк. 27.
  12. Тамсама, спр. 17, арк. 25.
  13. Тамсама, ф. 1, воп. 9, спр. 46, арк. 69.
  14. Тамсама.
  15. Монтвилов М.В. Русская гимназия в Бресте на Буге, 1919—1939. Ним — Брест — Минск, 1996. С. 32,33.
  16. Тамсама. С. 55, 76.
  17. Gąsiorowski Z. Szkoła na Polesiu na tle stanu i potrzeb szkolnictwa Rzeczypospolitej. Brześć n/B., 1930. S. 34.
  18. Rocznik Poleski. Brześć n/B., 1927. S. 122.
  19. ДзАБВ, ф. 59, воп. 1, спр. 314, арк. 47.
  20. Тамсама, воп. 8, спр. 146, арк. 7.
  21. Polski stan posiadania na Polesiu. S. 34.
  22. Sprawy narodowościowe. 1935. № 3—4. S. 259.
  23. ДзАБВ, ф. 59, воп. 2, спр. 652, арк. 8; спр. 623, арк. 1.
  24. Тамсама, арк. 36 адв.
  25. Тамсама, ф. 1, воп. 2, спр. 3613, арк. 22.
  26. Тамсама, арк. 25.
  27. Тамсама, арк. 8.
  28. Polska Macierz Szkolna na Polesiu. Warszawa, 1939. S. 24.
  29. Тамсама. C. 36.
  30. Polski stan posiadania na Polesiu. S. 21.
  31. ДзАБВ, ф. 59, воп. 2, спр. 657, арк. З—4.