МОВЫ СВЕТУ

Комі-зыранская мова


ПАД ПАГРОЗАЙ ЗЬНІКНЕНЬНЯ

Звычайная справа: малым народам няма месца на сваёй зямлі ў вялікіх імперыях

Паліна СЬЦЕПАНЕНКА.
(Права наволю. Бюлетэнь Праваабарончага Цэнтру "Вясна" №17 (65))

Вельмі часта беларусы, разважаючы пра саюз з Расіяй, забываюцьпра лёс народаў,якія ўваходзяць у склад Расійскай Федэрацыі. Між тым лёс гэтых народаў вельмі сумны — яны зьнікаюць...

Комі — адзін з фіна-угорскіх народаў які жыве ў Расійскай Федэрацыі ў яе паўночна-заходняй частцы, з заходняга боку Ўральскіх гор. Мова комі адносіцца да фіна-ўгорскай групы. У 1917 годзе, калі бальшавікамі было абвешчанае права на самавызначэньне, комі вырашылі скарыстаць гэты гістарычны шанц. 22 жніўня 1921 году ў складзе Расіі была абвешчаная Аўтаномная вобласьць Комі. У 20-ыя гады на комі-мову перайшла ўся адукацыя, прэса, кнігавыдавецтва, справаводства і нават паштова-телеграфныя паслугі. У такой форме (з дзяржаўнай мовай) Комі-аўтаномія існавала з 1921 па 1928 год. У той час комі складалі восемдзесят працэнтаў насельніцтва сваёй вобласьці. Што ж здарылася з комі-народам пасьля?

Пра гэта распавёў Ільля Мацюшэў — актывіст арганізацыі за правы комі-народу "Доръям асьнымос" ('Абаронім сябе"). У Мінску прадстаўнік комі-народу наведаў Праваабарончы Цэнтр "Вясна". Ільля Мацюшэў расказвае: "Напрыканцы 20-х гадоў пачаўся маскоўскі ўціск. У 1932 годзе КДБ сфабрыкавала шэраг масавых судовых працэсаў супраць палітычнай і культурнай эліты комі. Нацыянальная эліта была вынішчаная, расстраляная. Той, хто пазьбегнуў расстрэлу, шмат гадоў правёў у канцэнтрацыйных лагерах. Пасьля таго, як эліта была зьнішчаная, Масква цынічна перайменавала Комі ў Рэспубліку, і адначасова распачала палітыку, скіраваную на ўціск комі-народу. На тэрыторыі Комі Рэспублікі пачалі стварацца савецкія канцэнтрацыйныя лагеры. 3 усяго Савецкага Саюзу сюды звозіліся зьняволеныя. Комі-край стаў цэнтрам ГУЛАГу. Назіральныя вышкі і калючы дрот акружылі практычна кожную комі-вёску.

Пасьля сьмерці Сталіна рускае каланіяльнае панаваньне ня зьменшылася. Пад эгідай савецкай кампаніі "засваеньня Поўначь” сотні тысячаў рускамоўных прыехалі ў Комі. Ніхто з іх не жадаў вывучаць комі-мову. Затэрарызаваны сталінскім рэжымам, адлучаны ад інтэлігенцыі, комі-народ ня меў моцы пратэставаць і апынуўся ў стане нацыянальнай меншасьці. Усе ключавыя пазіцыі ва ўладзе, эканоміцы і нават культуры занялі рускамоўныя камуністы. Комі-мову пачалі гвалтоўна выключаць з усіх сьфераў ужытку. Масква, выкарыстоўваючы рускамоўную большасьць, паступова зачыняла школы з комі-мовай навучаньня

Калі пачалася перабудова і стаў відавочным непазьбежны развал Савецкай Імперыі, комі былі зьнясіленыя, каб выяўляць нейкую актыўную ініцыятыву. Тым ня менш, 14 жніўня 1991 году, за пяць дзён да жнівеньскага путчу, група актывістаў вырашыла стварыць комі-нацыянальную партыю. У гэты час у комі-народу было шмат праблемаў. Сярод іх — адсутнасьць прадстаўленасьці ва ўладзе (кіраўніцтва імі ажыцьцяўлялі прадстаўнікі іншых нацыянальнасьцяў). Адсутнічала дэмакратычнасьць і ў створанай у 1991 годзе арганізацыі "Зьезд комі-народу", якая прэтэндавала на тое, каб прадстаўляць увесь комі-народ, але цалкам залежала ад рускамоўных уладаў.

Сур'ёзная праблема і па сёньня ў Комі — наяўнасьць рэліктаў ГУЛАГу; зонаў з іх персаналам, ваенізаванай аховай і зэкамі. Вялікая праблема — адсутнасьць у шырокага кола комі-народу нацыянальнай самасьвядомасьці на фоне масавай рускай культурнай экспансіі. Пры наяўнасьці ўсіх гэтых праблемаў 14 лютага 1993 году ў Сыктыўкары — сталіцы Комі-рэспублікі — адбыўся зьезд партыі, назва якой "Дорьям асьнымос" ("Абаронім сябе"). Партыя прапанавала правядзеньне разьдзельных выбараў, г. зн. комі самі выбіраюць сваіх дэпутатаў (асобна ад іншага насельніцтва). Такім чынам, з дэпутатаў утвараюцца дзьве палаты, адна з іх — Палата комі-народу: прадстаўнічы орган карэннага народу, які мае права вета на ўсе законы, прынятыя рускамоўнай палатай Але Расія, пасьля таго як страціла кантроль над былымі саюзнымі рэспублікамі, не жадала губляць кантроль над народамі, якія знаходзяцца пад юрысдыкцыяй Расійскай Федэрацыі (комі адзін з гэтых народаў). Расія працягвала заставацца імперыяй, яна імкнулася апярэдзіць любыя спробы народаў дасягнуць этнічнай роўнасьці, рабіла, як і раней, усё магчымае, каб выжываньне карэнных народаў было немагчымым.

У выбарах у нацыянальную палату, улады рэспублікі пабачылі пагрозу імперскім інтарэсам. 17 лютага 1994 г., нягледзячы на мітынг пратэсту каля Вярхоўнага Савету Комі Рэспублікі, Вярхоўны Савет прымае Канстытуцыю, у якой воля комі-народу не была адлюстраваная. Было адмоўлена ў заснаваньні двухпалатнага парламенту. Комі называюць гэта "канстытуцыйным каланіялізмам", калі бяспраўе карэннага народу замацаванае Канстытуцыяй. Непрыхільнае стаўленьне да лідэраў нацыянальнага руху становіцца відавочным. У выніку "мяккіх рэпрэсіяў" да 1996 году шмат з іх губляюць працу, іх абвінавачваюць у "распальваньні нацыянальнай варожасьці”. У 1997 годзе Веньямін Надуткін хацеў расказаць на "Зьезьдзе комі-народу" пра рускі каланіялізм, міліцыя зьбіла В Надуткіна, пашкодзіла пазваночнік ён стаў інвалідам. У 1998 годзе пачынаюцца арышты, у судзе забараняюць гаварыць на комі-мове. Рэпрэсіі працягваюцца і цяпер"

Комі імкнуцца аднавіць нацыянальную адукацыю. Цяпер у школе комі-мова вывучаецца толькі ў так званых нацыянальных школах як прадмет, тое ж тычыцца і комі-літаратуры Школы, у якіх усе прадметы выкладаліся на комі-мове зьніклі ў канцы 60-х гадоў

Большая частка комі жыве ў асноўным у вёсках, дзе карыстаюцца толькі роднай мовай. Дзеці да паступленьня ў школу рускай мовы ня ведаюць, але паступова пачынаюць гаварыць па-руску, бо ўся адукацыя на рускай мове. Прозьвішчы комі цяпер гучаць на рускі манер, маюць рускія канчаткі. Але корань у іх — комі. Напрыклад, "Канев", ад слова "кань" — котка, "Кузькокаў" — "Доўгая нага". А традыцыйна комі не мелі прозьвішчаў, яны мелі складаную сістэму імёнаў, дзе напачатку згадвалася імя пачынальніка роду, а пасьля ўсе родзічы, заканчваючы дзедам, бацькам і, нарэшце, уласным імем. Гэта вельмі доўга, таму звычайна ўжывалася спачатку імя бацькі, пасьля ўласнае імя. Комі-пісьменьнікі выкарыстоўвалі традыцыйныя імёны ў якасьці псеўданімаў. Быў такі пісьменьнік Чысталёў Веньямін Цімафеевіч, яго літаратурнае імя — традыцыйнае Ціма Вень.

Над існаваньнем самабытнага комі-народу навісла рэальная пагроза — пагроза зьнікненьня. Бо ў любой імперыі жыцьцё "малых народаў" (як і наогул жыцьцё чалавека), ахвяруецца ў імя "вялікай дзяржавы" каштоўнасьць правоў асобы і духоўнай свабоды тут адмаўляецца.