МОВЫ СВЕТУ

Моўныя навіны

Апошняе абнаўленне 15.06.2005
Linguistic news from Belarus in English

 

Чэрвень 2005 - Дагэтуль Беларусь застаецца, напэўна, адзінай краінай у Эўропе, для якой не вырабляюцца мабільныя тэлефоны з мэню на нацыянальнай мове. Тым ня менш, попыт на падобную прадукцыю існуе. Пра гэта сьведчаць шматлікія аб’явы ў інтэрнэце і газэтах, дзе саматужнікі прапануюць беларусіфікацыю мабільнікаў.
“Samsung” стаўся першай карпарацыяй, якая вырашыла пастаўляць на беларускі рынак тэлефонныя апараты мабільнай сувязі з магчымасьцю выбару беларускай мовы мэню. Тлумачыць Алена Ранцэвіч, мэнэджар па маркетынгу “Samsung” у Беларусі:
(Ранцэвіч: ) “Мы плянуем зрабіць беларусіфікацыю мэню тэлефонаў. Я думаю, што гэта адбудзецца нават у бліжэйшы квартал. Гэта такі аптымістычны прагноз. Бо спачатку трэба перакласьці, потым узгадніць пераклад, потым даслаць гэтую вэрсію на вытворчасьць. Я спадзяюся, што за тры месяцы мы здолеем”.
Варта нагадаць, што “Samsung” цягам трох апошніх гадоў рэклямуе сваю прадукцыю па-беларуску. Алена Ранцэвіч наступным чынам тлумачыць пазыцыю кампаніі:
(Ранцэвіч: ) “Беларуская мова вельмі элітарная. Ёю валодаюць ня ўсе, і тыя, хто валодаюць, лічаць гэта за вялікі гонар — размаўляць на роднай матчынай мове. Другая прычына: мы хацелі вылучыцца на рынку вонкавай рэклямы, хацелі, каб нас адразу заўважылі. Каб павысіўся прэстыж гандлёвай маркі”.
Што да беларусіфікацыі мэню мабільных тэлефонаў, Алена Ранцэвіч паведаміла, што пераклад мэню ўзгадняцца з адмыслоўцамі, у тым ліку сябрамі Таварыства беларускай мовы.

Чэрвень 2005 - Электронная паштовая служба GMail, разьмешчанай на ўсясьветна вядомым пошукавым сайце google.com, неўзабаве набудзе беларускі інтэрфэйс. Пераклад сэрвісу завершаны, яго павінны зацьвердзіць цягам некалькіх тыдняў, паведамляе bybanner.com. Паводле водгукаў беларускіх інтэрнэтчыкаў, паштовая служба GMail у пэрспэктыве можа стаць сярод айчынных карыстальнікаў нават больш папулярнай, чым адпаведны сэрвіс партала TUT.by.
Google.com – адзін з самых папулярных і аўтарытэтных у сьвеце пошукавых сайтаў. Перакладам яго паштовага сэрвісу на беларускую мову займалася група асобаў, імёны якіх пакуль не раскрываюцца. Як і ў выпадку зь беларусізацыяй усяго Google’a, працу рабілі валянцёры. Ягор Шумскі, што тры гады таму перакладаў інтэрфэйс сайту пашукавіка, кажа, што нічога дзіўнага ў гэтым няма: амаль усе астатнія лінгвістычныя вэрсіі Google’а, у тым ліку расейская, рабіліся энтузіястамі.
Са словаў спадара Шумскага, у GMail сапраўды ёсьць шэраг тэхнічных перавагаў перад іншымі папулярнымі сярод айчынных карыстальнікаў паштовымі службамі.
(Шумскі: ) "GMail – гэта ўсясьветная служба, якая падтрымліваецца вядомым ужо апэратарам Google’ам, які адказвае за сваю якасьць. Сэрвіс значна лепшы, бо замест дваццаці мэгабайт, якія дае TUT.by, тут два гігабайты. Гэта значна болей. І гэта дае магчымасьць тыя ж песьні, напрыклад, перакідваць поштай. А з пункту гледжаньня беларускасьці, адна рэч, калі чалавек заходзіць зь Беларусі й бачыць беларускамоўны інтэрфэйс на беларускім нейкім сэрвісе, напрыклад на TUT.by – гэта адно стаўленьне. А калі ён заходзіць на ўсясьветна вядомы сэрвіс і бачыць, што яму прапаноўваюць беларускую мову, то ён адразу пачынае інакш ставіцца да беларускай мовы. То бок, я мяркую, гэта добра адаб’ецца на ягоным ўспрыманьні мовы".
Наш калега, рэдактар інтэрнэт-старонкі беларускай службы Свабоды Ўладзімер Каткоўскі, які таксама перакладаў інтэрвэйс Google’а, мяркуе, што Gmail даволі надзейная служба ня толькі з тэхнічнага гледзішча.
(Каткоўскі: ) "Як мы памятаем, часта ўзьнікалі пытаньні, ці кантралюе TUT.by пошту, ці даваў ён калісьці нейкія логі КГБ... Таму для людзей, якія не карыстаюцца дадатковай абаронай інфармацыі, шыфраваньнем пошты, больш пэўным у інфармацыйным пляне паштовы кліент – гэта GMail. Бо канечне ж ніхто зь беларускага КГБ туды не дабярэцца".
Разам з тым спэцыялісты заўважаюць, што гэтая новая спроба беларусізаваць глябальнае сеціва можа застацца незаўважанай паспалітымі карыстальнікамі. Так, для таго каб на кампутары аўтаматычна загружалася беларуская вэрсія Google’a, як правіла трэба выставіць адпаведныя наладкі на браўзэры (дадаць беларускую ў сьпіс моваў). Калі беларускай мовы ў сьпісе браўзэра няма, то звычайны карыстальнік, адчыняючы гэты сайт, часьцей за ўсё адразу ж трапляе на ягоную расейскую старонку або на ангельскую вэрсію. Тое ж самае, пэўна, будзе адбывацца і з поштай Gmail.

Чэрвень 2005 - Прэзідэнт Абхазіі Сяргей Багапш падпісаў указ аб зацвярджэнні складу Дзяржаўнай камісіі па рэалізацыі дзяржаўнай праграмы развіцця абхазскай мовы. Старшынёй камісіі прызначаны віцэ-прэм'ер Леанід Лакербая.
Як паведамляе карэспандэнт ІА REGNUM, у склад камісіі таксама ўключаны міністры адукацыі і культуры Індзіра Варданія і Нугзар Логуа, дырэктар Фонду развіцця абхазскай мовы Гунда Квіцінія, старшыня парламенцкага камітэта па навуцы і адукацыі Батал Хагуш, старшыня АГТРК Гурам Амкуаб, намеснік дырэктара АБІГІ ім. Д. Гулія Зураб Джопуа, дырэктар дзяржаўнага паліграфічнага прадпрыемства "Дом друку" Раман Аргун, рэдактары часопісаў Анатолій Лагвілава і Іван Садзба, дырэктар дзяржаўнага выдавецтва "Алашара" Цярэнцій Чанія, пісьменнікі Аляксей Гогуа, Даур Начкебія, Шалодзія Аджынджал і паэтка Гунда Саканія.

Чэрвень 2005 - У Вашынгтоне адбыўся фінал штогадовага нацыянальнага конкурсу Spelling Bee, удзельнікі якога спаборнічаюць у "вусным правапісе". Яго пераможцам стаў 13-гадовы школьнік Анураг Кашыяп з Каліфорніі - перамогу яму прынесла слова appoggiatura, якое ў перакладзе на беларускую азначае выгляд меладычнага ўпрыгожвання "фаршлаг".
Для перамогі Кашыяпу прыйшлося вымавіць яшчэ 17 цяжкавымаўляемых слоў на розных мовах, як, напрыклад, sphygmomanometer (англ. - сфігмаманометр), hodiernal (англ. - сённяшні), prosciutto (італ. - вяндліна) і іншыя. За самае правільнае вымаўленне сярод 273 удзельнікаў конкурсу Кашыяп атрымаў кубак, $28 тысяч і энцыклапедыю "Брытаніка".
Кашыяп удзельнічаў у Spelling Bee ужо ў другі раз. У 2004 году яму ўдалося заняць толькі 47 месца. "Атрыманы тады досвед дапамог мне ўсвядоміць, чаму я павінен навучыцца, каб выйграць гэты прыз", - распавёў пераможца пасля ўручэння ўзнагароды.
Большасць удзельнікаў конкурсу жыве ў ЗША, толькі 14 школьнікаў прыехалі з іншых англамоўных краін: 11 канадцаў і па адным з Багамскіх астравоў, Ямайкі і Новай Зеландыі. Каб нікому не было крыўдна, кожны канкурсант павёз дадому не менш за $50.

Чэрвень 2005 - Камітэт па пытаннях навукі і адукацыі Вярхоўнай Рады Ўкраіны рэкамендаваў забараніць выпускнікам рускамоўных школ здаваць на рускай іспыты ў вну. Як пішуць у чацвер "Весткі", Міністэрства адукацыі рэспублікі ўхваліла гэтую прапанову і чакаецца, што ў бліжэйшы час яна будзе прыменена на практыцы. Раней на гэтым тыдні міністр культуры Аксана Білозір абяцала "зрабіць усё, каб у радыёэфіры гучала ўкраінская мова". Гэта ставіць пад пагрозу існаванне большасці ўкраінскіх FM-станцый, якія вяшчаюць на рускай і транслююць рускамоўныя песні. Кіеў, адзначаюць "Весткі", можа пайсці па шляху Львова, дзе ўжо забаранілі спяваць на рускай мове. У красавіку гэтага года выкарыстанне рускай мовы ў СМІ стала чыннікам буйнога скандалу. Крымскія прыхільнікі Ўкраінскай народнай партыі, якая ўваходзіць у прапрэзідэнцкі блок "Наша Ўкраіна", запатрабавалі зачыніць данецкую тэлекампанію ТРК "Украіна" за футбольны рэпартаж на рускай мове.

Чэрвень 2005 - Прафесар-мовазнавец Пётр Зайкоў, загадчык кафедрай карэльскай і вепскай моў Петразаводскага дзяржаўнага ўніверсітэта, заявіў карэспандэнту ІА REGNUM, што ў Карэліі добра ведаюць аб становішчы малых народаў рэгіёна і не замоўчваюць праблемы, звязаныя з выкладаннем моў малых народаў у мясцовых школах. Ён паведаміў, што ў Карэліі "у гэтым пытанні вызначыліся станоўчыя тэндэнцыі: да 1990 года ў Карэліі выкладалі толькі рускую і фінскую мовы, зараз агульная колькасць тых, хто вывучае карэльскую і вепскую мовы складае каля 4,5 тысяч школьнікаў і студэнтаў. Вепскую мову выкладаюць у чатырох школах для 400 вучняў, карэльскую мову - у 52 школах для 4 000 вучняў. Цікавасць з боку дзяцей з года ў год расце". Аднак, навуковец лічыць, што выкладання карэльскай і вепскай моў у школах дзве гадзіны ў тыдзень недастаткова. У Петразаводскім дзяржаўным універсітэце адчынена кафедра вывучэння гэтых моў, ажыццяўляецца выпуск двух карэламоўных газет і адной газеты на вепскай мове.
У цяперашні момант Пётр Зайкоў удзельнічае ў працы міжнароднага сімпозіума "Прымежныя мовы Балтыйскага мора і Фінляндыі", які праходзіць у Эстоніі. Філолаг падкрэсліў, што лічыць такія сустрэчы, якія дазваляюць абмяняцца досведам выкладання моў малых народаў, выключна карыснымі для мовазнаўцаў краін Балтыйскага мора: "Ранейшая сустрэча на дадзеную тэматыку праходзіла два гады назад у Фінляндыі, і з таго часу толькі ў нас ва ўніверсітэце адбылося пяць абарон кандыдацкіх прац па карэльскай мове. Маладыя навукоўцы, аспіранты бачаць, што іх праца запатрабавана".

Чэрвень 2005 - Больш паловы ўкраінцаў, апытаных Украінскім цэнтрам эканамічных і палітычных даследаванняў імя Аляксандра Разумкова і Кіеўскім міжнародным інстытутам сацыялогіі, ухваляюць ідэі надання рускай мове статусу другой дзяржаўнай ва Ўкраіне і ўвядзення двайнога грамадзянства з Расіяй.
Так, "цалкам згодныя" з тым, што руская мова павінна атрымаць статус другой дзяржаўнай, 34,5% рэспандэнтаў, "хутчэй згодныя" з гэтай ідэяй - 21,7%.
У той жа час, 24% апытаных "поўнасцю не згодныя" з такой прапановай. "Хутчэй не згодныя" - 11,9%.
7,5% апытаных не змаглі адказаць на гэтае пытанне, 0,3% - не адказалі на яго.
Ідэю ўвядзення ва Ўкраіне двайнога грамадзянства з Расіяй поўнасцю ўхваляюць 30,4% рэспандэнтаў, "хутчэй згодныя" - 23,4%.
19,6% рэспандэнтаў "поўнасцю не згодныя" з ідэяй ўвядзення двайнога грамадзянства, 13,3% - "хутчэй не згодныя".
13,1% апытаных вагаліся з адказам на гэтае пытанне, 0,2% не адказалі на яго.
Палявы этап даследавання праводзіўся з 10 па 23 траўня 2005 года. Былі апытаны 11 тыс. 115 рэспандэнтаў у 493 населеных пунктах (306 гарадоў і 187 сёлаў) ва ўсіх абласцях, Кіеве і Крыме. Тэарэтычная хібнасць выбаркі не перавышае 1,0% з верагоднасцю 0,9

Травень 2005 - 23 траўня ў сядзібе грамадзскага аб’яднаньня "Таварыства беларускае мовы" адбылася прэзентацыя выданьня "Беларускі клясычны правапіс. Збор правілаў. Сучасная нармалізацыя". Укладальнікі выданьня — працоўная група ў складзе Вінцука Вячоркі, Юрася Бушмянкова, Зьміцера Санько і Зьміцера Саўкі, якія працавалі над кнігай 10 год, паведамляе прэс-група Партыі БНФ.
Паводле В.Вячорка, "шматгадовая праца дайшла да пэўнага прамежкавага выніку: клясычны правапіс у тым выглядзе, у якім ён бытуе на пераломе тысячагодзьдзяў, сёньня скадыфікаваны. Гэта прывядзе да зьмяншэньня стыхійнага разнабою так званых "рэдакцыйных" варыянтаў тарашкевіцы, стыхійна ўтвораных правапісных гібрыдаў. Праца над правапісам дазволіла выявіць сумны факт: цэлыя галіны беларускага мовазнаўства сёньня недастаткова разьвітыя. Гэта марфаналёгія складаных словаў, праблема пабочнага націску.
Гэта й асваеньне запазычаньняў. Мы ставілі задачу зафіксаваць пэўны альгарытм іхнага асваеньня. А ён зьвязаны з праблемаю цывілізацыйнае прыналежнасьці Беларусі, беларускае культуры, нашага месца на сутыку лаціна-германскай і бізантыйскай традыцыяў. Фармулюючы рэальна існыя ў моўнай практыцы правілы, мы зыходзілі зь досьведу папярэднікаў. Яны інтуітыўна адчувалі традыцыю, якая ішла з сярэднявечча: Беларусь — частка эўрапейскае, ня ўсходняе, цывілізацыі.
Ніводнага напісаньня мы ня выдумалі. Ўсё ў нейкім кшталце ўжо існавала ў беларускай моўнай прасторы клясычнага правапісу".
Паводле В.Вячоркі, клясычная правапісная традыцыя дазваляе лёгка канвэрсаваць тэкст з кірыліцы ў лацінку й наадварот. Калі мы дбаем пра адкрытасьць беларускае мовы навакольнаму сьвету, у тым ліку графічную, то клясычны правапіс у гэтым сэнсе аптымальны. Разам з тым адзін з праграмных прынцыпаў, якіх трымаліся ўкладальнікі — не адмаўляць пэрспэктывы збліжэньня двух варыянтаў правапісу.
В.Вячорка адзначыў, што праца носіць адкрыты характар і будзе зьмешчаная ў інтэрнэце.
Старшыня Таварыства беларускае мовы Алег Трусаў адзначыў, што гэта — "небывалая, гераічная праца, самы лепшы адказ для усіх тых, хто расказвае байкі пра заўчаснае скананьне беларускае мовы". Паводле А.Трусава, выданье зробленае вельмі ўдала, ён параіў аўтарскаму калектыву зрабіць на ягонай падставе падручнік, а таксама пажадаў перавыдаваць гэты звод кожны год альбо раз на два гады з дадаткамі і дапаўненьнямі.
Паводле старшыні Беларускага ПЭН-цэнтру Лявона Баршчэўскага, з кожным тэкстам, надрукаваным у Беларусі, колькасьць матэрыялаў, створаных паводле клясычнага правапісу, павялічваецца. "Таму без зводу правілаў гэтага правапісу нармальным чынам абыходзіцца было ўжо няможна". Ён зазначыў, што гэтым выданьнем "з большага завершаны важны этап у нармаваньні клясычнага правапісу", але і зьвярнуў увагу ўкладальнікаў зводу на некаторыя моманты, якія падаюцца яму "надта дыскусійнымі". Перадусім, гэта датычыць правапісу цьвёрдага і мяккага "л" у запазычаных словах.
Доктар філялягічных навук Іван Саверчанка назваў выданьне збору правілаў клясычнага правапісу "падзеяй у інтылектуальным жыцьці Беларусі, каласальнымі выселкамі нацыі". Паводле Саверчанкі, гэтая праца будзе мець аб’ёмныя вынікі, выклікае дыскусію мовазнаўцаў, літаратараў і філосафаў ня толькі ў Беларусі, але і за мяжой. "Нарэшьце, гэтая кніга дапаможа зкансалідаваць патрыётаў і ўсіх грамадзянаў Беларусі вакол пытаньняў нашай духоўнай пэрспэктывы".

Травень 2005 - Партыя "Саюз" распачала акцыю па зборы подпісаў за наданне рускай мове статуту дзяржаўнай. Аб гэтым было заяўлена на мітынгу партыі "Саюз" у падтрымку рускай мовы, які прайшоў 21 траўня ў Харкаве. Ініцыятары збору подпісаў падкрэслілі, што гэтая акцыя ў падтрымку рускай мовы эстафетай пройдзе па ўсіх рэгіёнах. Партыя мяркуе, што пытанне аб двухмоўі павінны вырашаць не чыноўнікі, а самі людзі, паведамляе прэс-служба партыі "Саюз".
Па выніках апошняга сацыялагічнага апытання, якое праводзілася фондам "Дэмініцыятывы" сумесна з КМІС, на рускай мове дома маюць зносіны амаль 40% украінскіх грамадзян, а на ўкраінскай размаўляюць трохі менш за 35%. Тое ж даследаванне паказала, што на працы рускай мовай карыстаюцца амаль 32% апытаных, а ўкраінскай - 30%.
30 сакавіка 2005 года партыя "Саюз" падала на разгляд Вярхоўнай Рады Ўкраіны новы законапраект - "Аб развіцці і выкарыстанні моў ва Ўкраіне".
Прадстаўнікі "Саюза" падкрэслівалі, што адной з асноўных задачаў партыі на дадзены момант з'яўляецца правядзенне рэферэндуму па наданні рускай мове статусу другой дзяржаўнай.

Напярэдадні свята Вялікай Перамогі без грамадскага абмеркавання кіраўніцтвам краіны прынятае беспрэцэдэнтнае рашэнне аб перайменаванні галоўных магістраляў беларускай сталіцы. Гэты няўзважаны і паспешлівы крок узрушыў усю Беларусь, закрануў інтарэсы дзесяткаў тысяч жыхароў перайменаваных вуліц, арганізацый і ўстаноў.
ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" рашуча выступае за захаванне ў назве галоўнага праспекта сталіцы імя славутага сына беларускага народа, асветніка і першадрукара Францішка Скарыны, 515-я ўгодкі з дня народзінаў якога адзначаюцца сёлета.
Мы звяртаемся да жыхароў перайменаваных вуліц, працоўных калектываў, грамадскіх арганізацый, студэнтаў, усіх грамадзян Рэспублікі Беларусь з заклікам падтрымаць грамадскую ініцыятыву па зборы подпісаў за захаванне назвы галоўнага праспекта Мінска. Прапануем усім беларускім газетам апублікаваць бланк збору подпісаў пад патрабаваннем захаваць без зменаў назвы вуліц беларускай сталіцы. Звяртаемся з просьбай да ўсіх беларускіх інтэрнэт-парталаў змясціць на сваіх старонках адпаведны бланк.
Звяртаемся да Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў прыняць захады па абароне інтарэсаў жыхароў беларускай сталіцы ў адпаведнасці з дзейным заканадаўствам.
Звяртаемся да кіраўніцтва краіны адмяніць рашэнне, якое не карыстаецца падтрымкай пераважнай большасці грамадзян нашай дзяржавы.

Сакратарыят ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" 19.05.2005 г. (запампаваць тут)

Травень 2005 - Брытанскія школьнікі з гэтага часу могуць не баяцца зніжэння адзнак за памылкі ў правапісе у час здачы выпускных іспытаў па англійскай мове. Камітэт па якасці адукацыі пры ўрадзе Вялікабрытаніі абавязаў настаўнікаў сярэдніх школ краіны не зразаць балы за арфаграфічныя памылкі, а ўлічваць выключна граматыку, пунктуацыю і стылістыку тэксту.

Травень 2005 - Дзесяць гадоў таму ў Беларусі адбыўся рэфэрэндум, які надаў расейскай мове роўны статус зь беларускай мовай і прывёў да адмовы ад нацыянальных дзяржаўных сымбаляў. Пра прычыны і наступствы таго рэфэрэндуму распавядаюць вядомыя палітыкі 1990-х гадоў Мечыслаў Грыб, Валянцін Голубеў, Алег Трусаў і Іван Ціцянкоў.
Рэфэрэндум, які прайшоў у Беларусі 14 траўня 1995 году, быў першым ўсенародным апытаньнем у гісторыі краіны. Нагадаю, зацьверджаньне пытаньняў рэфэрэндуму спрабавалі заблякаваць дэпутаты ад апазыцыі, якія нават пайшлі на галадоўку ў парлямэнце. Але на загад Аляксандра Лукашэнкі галадоўку гвалтам спынілі ўзброеныя вайскоўцы, потым парлямэнт зацьвердзіў прапанаваныя прэзыдэнтам пытаньні, і рэфэрэндум адбыўся. Акрамя пытаньняў пра дзяржаўны статус расейскай мовы і новыя дзяржаўныя сымбалі, выбарцы ў той травеньскі дзень вырашалі яшчэ два істотныя пытаньні: ці варта інтэгравацца з Расеяй і ці надаваць прэзыдэнту краіны права датэрмінова распускаць Вярхоўны Савет.
Старшыня тагачаснага парлямэнту - Вярхоўнага Савету 12 скліканьня - Мечыслаў Грыб не выключае, што менавіта пытаньне пра роспуск парлямэнту было ў тым пакунку галоўным, бо, атрымаўшы згоду на гэта, Аляксандар Лукашэнка ўзмацніў свае пазыцыі ў змаганьні зь Вярхоўным Саветам, які адзіны стрымліваў ягоныя аўтарытарныя амбіцыі. Мечыслаў Грыб згадвае:
(Грыб: ) “Гэта трымалася, як пагроза. Але ён наўпрост яе ня выканаў, а дзейнічаў інакш. Перацягваў дэпутатаў на свой бок, асабліва тых, хто працаваў у дзяржаўных структурах, частку запалохваў. Рабіў усё, каб Вярхоўны Савет 12 скліканьня стаў непрацаздольным і неправаздольным. Я гэта зьведаў на сабе, у тым ліку, як нам зарплату не плацілі. А потым тая ж адпрацаваная сыстэма была накладзеная на Вярхоўны Савет 13 скліканьня. Ён зайшоў зь іншага боку і разагнаў гэты парлямэнт”.
На рэфэрэндуме 1995 году большасьць беларусаў вітала цесную інтэграцыю з Расеяй. Пэўнай перамогай расейскіх пазыцыяў у Беларусі лічыць Мечыслаў Грыб і тое, што людзі выказаліся за дзяржаўнасьць расейскай мовы, і гэта прывяло да заняпаду роднай мовы. Аднак дэпутат тагачаснага парлямэнту, старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў лічыць, што ў выніку адбылася пэўная згода, якая дапамагла замацаваць беларускую незалежнасьць.
(Трусаў: ) “Гэта была гульня — танныя газ і нафту абменьвалі на мову і сымболіку. Яе палітычная мэта — паказаць цемрашалам з Расеі, што мы ўсе “истинно русские” і ніякага нацыяналізму тут ня будзе, а вы за гэта дайце нам танную нафту і газ. Што і здарылася. А гэтыя танныя нафта і газ умацавалі нашую незалежнасьць. І сам факт, што праспэкт Скарыны мяняюць усё ж такі на праспэкт Незалежнасьці, гаворыць пра тое, што Расеі тут нічога ня сьвеціць”.
Пры гэтым Алег Трусаў прызнае, што нэгатыўным вынікам рэфэрэндуму стала фактычная перавага расейскай мовы над беларускай. Паводле спадара Трусава, за сапраўдную роўнасьць беларускай мовы з расейскай яшчэ трэба шмат змагацца.
Гісторык, былы дэпутат Вярхоўнага Савету 12 скліканьня Валянцін Голубеў, ацэньваючы рэфэрэндум 1995 году, найперш адзначае ягоныя адмоўныя наступствы. Валянцін Голубеў лічыць, што адмова ад нацыянальнай дзяржаўнай сымболікі ня ў лепшы бок зьмяніла сьвядомасьць грамадзтва.
(Голубеў: ) “Я памятаю, як гэта адбывалася. Леанід Сініцын, прыйшоўшы зь юбілею ўладыкі Філарэта, сказаў, што толькі што ў добрым настроі яны селі за кампутар і зрабілі новы сьцяг і герб, які будуць выносіць на рэфэрэндум. Што яны трошкі перавярнулі арнамэнт і Рэспубліку Беларусь прыляпілі на зямны шар. Вось так група нейкіх людзей зьмяніла сымболіку. А сымболіка — рэч вельмі важная. Я не магу не прызнаць, што і пры Лукашэнку адбывалася ўмацаваньне беларускай дзяржаўнасьці. Шмат маладых людзей сёньня лічаць нацыянальным сьцягам сучасны сьцяг, бо ён адрозьніваецца ад польскага, літоўскага, расейскага ці ўкраінскага, але сапраўдныя нацыянальныя карані праз гэтую сымболіку губляюцца”.
Іван Ціцянкоў у часе рэфэрэндуму ўзначальваў кіраўніцтва справаў прэзыдэнта і асабіста здымаў бел-чырвона-белы сьцяг з будынку парлямэнту. Ёсьць відэахроніка, на якой Іван Ціцянкоў ставіць росьпісы на кавалках гэтага сьцяга. Калі я датэлефанаваўся да Івана Ціцянкова ў Маскву, дзе ён цяпер жыве, былы кіраўнік справаў спачатку адмовіўся згадваць пра падзеі 1995 году, спаслаўшыся на тое, што даўно адышоў ад палітыкі ў Беларусі. Аднак потым кароткая размова атрымалася. Іван Ціцянкоў рашуча аспрэчыў тое, што ён рваў гістарычны сьцяг.
(Ціцянкоў: ) “Пра што вы кажаце ? Я яго здымаў па камандзе. Там прысутнічала чалавек сем, потым была крымінальная справа, і я гэта даказаў. А шматкі, якія рэзаў… якія рэзалі хлопцы, а я подпісы ставіў, яны ва ўсіх былі як сувэніры. Як сыходзіў, я пакінуў свой кавалак у кабінэце. Гэта на памяць рабілася, а потым усё прадставілі, нібыта я быў вораг усяго гэтага”.
Іван Ціцянкоў заявіў Радыё Свабода, што не шкадуе пра зробленае ў 1995 годзе, што рэфэрэндум быў “правільны”, але ён ня ўсё падтрымлівае ў сучаснай Беларусі.
(Ціцянкоў: ) “У мяне галоўнае пажаданьне, каб беларускі народ жыў лепш”.
(Карэспандэнт: ) “А вы лічыце, ён не жыве добра?”
(Ціцянкоў: ) “Думаю, не.”

Травень 2005 - Рэферэндум 14 траўня 1995 года, на які было вынесена пытанне аб роўным статусе беларускай і рускай моў, падвёў вынікі XX стагоддзя для беларускай нацыянальнай ідэі. Аб гэтым 13 траўня на прэс-канферэнцыі ў Менску заявіў старшыня рэспубліканскага грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" Алег Трусаў.
Паводле яго слоў, шырокі наступ на дзеячаў беларускага нацыянальнага адраджэння пачаўся ў 30-я гады адначасова ў БССР і Польшчы. "У 1939 годзе беларусы пазбавіліся Вільні — шматвяковага цэнтру сваёй духоўнай культуры, а пасля другія сусветнай вайны — шматлікіх прадстаўнікоў нацыянальнай інтэлігенцыі, якія эмігравалі або згінулі ў Гулагу. Пасля таго як у 1959 годзе былі зачынены апошнія беларускамоўныя школы ў Менску і іншых гарадах, пачалося нябачанае татальнае русіфікаванне беларускага горада, якая працягвалася да канца 80-х. У перыяд так званага "хрушчоўскага эксперыменту" у школах сталіцы нават беларускую літаратуру вывучалі на рускай мове", — сказаў А.Трусаў.
Па яго словах, у канцы 80-х гадоў пачалася новая хваля беларускага нацыянальнага адраджэння, якая прывяла да таго, што Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь ад 15 сакавіка 1994 года надала беларускай мове статус адзінай дзяржаўнай мовы. "А пасля рэферэндуму 14 траўня 1995 года вярнулася эпоха татальнага русіфікавання ва ўсіх сферах жыцця грамадства. У выніку колькасць навучэнцаў у беларускамоўных школах і класах з 616.614 (40,7 адсоткаў) у 1994-1995 вучэбным годзе скарацілася да 301.250 (23,8) у 2004-2005 вучэбным годзе. У краіне няма ніводнага беларускамоўнай сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай навучальнай установы. Нават навіны на беларускім тэлебачанні загучалі на мове суседняй дзяржавы", — адзначыў А.Трусаў.
Аднак, паводле яго слоў, змянілася стаўленне да беларускай мовы ў грамадстве. "Па дадзеных перапіса 1999 года, 73,6 адсоткі грамадзян назвалі беларускую мову роднай, большасць выпускнікоў школаў здаюць па-беларуску іспыты ў форме тэставання, родную мову можна пачуць у студэнцкім асяроддзі, метро і на чыгунцы. Беларускую мову сталі выкарыстоўваць замежныя дыпламаты і радыёстанцыі, айчынныя і замежныя фірмы, у тым ліку "Крыніца", "Гарызонт", "Галіна Бланка", "Нескафэ", "Самсунг", "Бош", "Адыдас" і "Філіпс", — сказаў А.Трусаў.
"Сёння змяніўся імідж беларускай мовы: яго носьбітамі сталі не толькі вяскоўцы, але і эліта нацыі — высокаадукаваныя людзі і нацыянальна свядомае гарадское насельніцтва", — сказаў А.Трусаў. Ён выказаў надзею, што "святыні беларускага народа — Мова, Герб і Сцяг з часам ізноў зоймуць у Беларусі сваё годнае і ганаровае месца".

Травень 2005 - Роўна дзесяць гадоў мінула з таго часу, як прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, не прабыўшы і года ва ўладзе, вынес на першы агульнарэспубліканскі рэферэндум чатыры пытанні, жыццёвая неабходнасць якіх для нацыі дагэтуль выклікае вялікія сумневы.
Пытанні гучалі так: "Ці згодныя Вы з наданнем рускай мове роўнага статусу з беларускай? Ці падтрымліваеце Вы прапанову аб усталяванні новых Дзяржаўнага сцяга і Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь? Ці падтрымліваеце Вы дзеянні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, накіраваныя на эканамічную інтэграцыю з Расійскай Федэрацыяй? Ці згодныя Вы з неабходнасцю унясення зменаў у дзейную Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, якія прадугледжваюць магчымасць датэрміновага спынення паўнамоцтваў Вярхоўнага Савета Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь у выпадках сістэматычнага або грубага парушэння Канстытуцыі?".
Цэнтрвыбаркам паведаміў наступныя вынікі плебісцыта 14 траўня 1995 года : за наданне рускай мове роўнага статусу з беларускай прагаласавалі 83,3 адсоткі тых, хто ўдзельнічалі ў галасаванні; за ўсталяванне новых дзяржаўных сцяга і герба - 75,1 адсоткаў; за эканамічную інтэграцыю з Расіяй - 83,3 адсоткаў; за права прэзідэнта распускаць парламент - 77,7 адсоткаў.
Грамадзянскія і вайскоўцы начальнікі, якія распачалі было гаварыць па-беларуску ў пачатку 1990-х, роўны статус моў сталі ігнараваць, аддаючы перавагу рускай. І сам прэзідэнт - хоць з беларускім акцэнтам - у асноўным на ёй тлумачыцца. З тэле - і радыёэфіру сталі знікаць беларускамоўныя праграмы, у школах - скарачацца колькасць беларускіх класаў. Беларуская мова ў Менску - рэдкасць…
А як развівалася б моўная сітуацыя, калі б рэферэндуму не было? Загаварылі б беларусы на беларускай мове, калі б яе статус не панізілі, або не?

Алег Трусаў, старшыня грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы":
— Безумоўна. Беларусы вельмі паважаюць начальства, таму калі яно пачне па-беларуску гаварыць, народ абавязкова падтрымае. Каб беларуская мова стала дзяржаўнай, трэба каб ёй толькі адзін чалавек авалодаў. Вы разумееце, каго я маю на ўвазе. І ніякія рэферэндумы не спатрэбяцца.

Генадзь ДАВЫДЗЬКА, дэпутат Палаты прадстаўнікоў:

— Калі б толькі беларуская мова была дзяржаўным, яна б займала значна большае месца ў жыцці нашых людзей. Але, з іншага боку, невядома, як на гэта рэагаваў бы народ. Статуснасць моў на рэферэндуме была вызначана правільная. Бо не сакрэт, што ў нас пражывае вельмі вялікі адсотак рускамоўнага насельніцтва. У пачатку 1990-х гадоў несімпатычныя людзі зрабілі беларускую мову палітычным атрыбутам, выклікаўшы з боку людзей антыпатыю і да сябе, і да яе. Сёння, нажаль, беларуская мова не мае будучыні.

Ірына СМОЛЬСКАЯ, вядучая канала СТВ:

— Калі б толькі беларуская мова была дзяржаўнай, наўрад ці беларусы гаварылі б на ёй больш і лепш. Гэта як вера ў Бога. З малаком маці павінна прыходзіць. Хоць беларускую я ў школе і ў інстытуце вучыла. Працуючы на тэлебачанні, часта даводзілася весці праграмы на беларускай, але я заўсёды адчувала, што руская мова мне бліжэй, бо я напалову руская.

Аляксандр КУЛІНКОВІЧ, лідэр групы "Нейра Дзюбель":

— Не сталі б нашыя людзі больш гаварыць па-беларуску. Ёсць такое паняцце - натуральны анархізм масаў. У далукашэнкаўскі час беларуская мова ўкаранялася, а людзі пярэчылі. Зараз беларуская падвяргаецца ганенням, а выканаўцаў, якія спяваюць на ёй, аўтаматычна залічаюць у ранг апазіцыянераў. Я асабіста прыйшоў да беларускай мовы па ўласнай волі, таму што адчуў, якая яна прыгожая і меладычная. Мне здаецца, што будучыня ў беларускай мовы ёсць, толькі працэс яе адраджэння будзе вельмі доўгім.

Травень 2005 - Ня менш за 30 грамадзкіх аб’яднаньняў, суполак і ініцыятываў Магілёўшчыны заявілі пра свой удзел у акцыі 14 траўня — "Скажам "так!" роднай мове і культуры".
Ініцыятыву падтрымалі мясцовыя суполкі палітычных партыяў і грамадзкіх аб’яднаньняў. Іхныя сябры будуць увесь дзень прамаўляць у любых сытуацыях на роднай беларускай мове, наведваць беларускамоўныя вечарыны, сустрэчы, спэктаклі, паведамляе партал belngo.

Травень 2005 - У бліжэйшыя тыдні ўкраінска-расійская працоўная група прыступіць да распрацоўкі праекта па стварэнні «украінамоўнага агульнадзяржаўнага расійскага тэлевізійнага канала, радыё і агульнадзяржаўнай украінамоўнай газеты». Аб гэтым заявіў сакратар СНБО Пётр Парашэнка (Петр Порошенкоў) у інтэрвію УТ-1 у нядзелю.
Парашэнка падкрэсліў, што прэзідэнт Расіі Пуцін падтрымаў гэты праект.

Травень 2005 - Прадстаўнік заходняга Карнуола ў Брытанскім парламенце Эндру Джордж пакляўся ў вернасці каралеве на корнскай мове ў чацвер 12 траўня. Клятва даецца сенатарамі перад тым, як яны займаюць сваё месца ў парламенце. Гучыць яна так: "Я клянуся, Магутны Божа, што буду адданым і верным Яе Вялікасці Каралеве Элізабэце, яе нашчадкам і спадкаемцам, згодна з законам. Божа, дапамажы мне." На корнскай мове гэтая клятва гучыць наступным чынам: "My a le gans Dyw Ollgalloesek dell vydhav len ha perthi omrians gwir dhe Hy Braster an Vyghternes Elisabeth, hy Erys ha Sywyoryon, herwydh an lagha. Ytho Dyw re'm gweresso."

Травень 2005 - Актывісты, якія займаюцца папулярызацыяй гэльскай мовы, звярнуліся да нацыянальнай футбольнай каманды з заклікам карыстаць на футболках гэльскі надпіс “Alba” замест англійскага “Scotland”. Акцыю падтрымаў былы ігрок зборнай Шатландыі, "Глазга" і "Сэлтыка" Мэрда Маклеад.
Але Футбольная асацыяцыя не выказала жадання рабіць гэта. Выканаўчы дырэктар ШФА Дэвід Тэйлар у сваім лісце да актывістаў напісаў наступнае: "Мы вітаем падтрымку з усіх куткоў краіны, але мы не маем намеру весці свой бізнэс на любой мове апрача англійскай, якую, амаль кожны ў нашай краіне - уключна з вамі - разумее."

Красавік 2005 - Дзень чачэнскай мовы адзначылі 24 красавіка ў рэспубліцы ўпершыню за ўсю гісторыю Чачэніі. Указ аб гэтым падпісаў прэзідэнт рэспублікі Алу Алханаў.
Ён прымеркаваны да дня выйсця першага нумара чачэнскай газеты "Радзіма" у 1923 годзе. Прэзідэнт Чачэніі на сустрэчы з рэдакцыяй гэтай газеты напярэдадні свята заявіў, што "прыкладзе ўсе намаганні, каб падняць значнасць чачэнскай мовы".
"Калі мы не зробім практычныя крокі па развіцці мовы, ёсць пагроза, што праз 50 гадоў чачэнцы згубяць мову", - сказаў Алханаў. Паводле яго меркавання, гэта вельмі сур'ёзная праблема, бо "ужо сённяшняе пакаленне не ўмее пісаць і чытаць на роднай мове".
"Мы - самы буйны этнас на Паўночным Каўказе, і каб выхаваць новае пакаленне ў духу патрыятызму, мы павінны мову маці перадаць дзецям і прышчапіць любоў да Радзімы - да Расіі", - сказаў Алханаў. Ён падтрымаў прапанову чачэнскіх мовазнаўцаў аб увядзенні з пачатку новага вучэбнага года навучання на чачэнскай мове ў пачатковых класах.

Люты 2005 - Французскі камітэт Еўрапейскага бюро менш ужываных моў (EBLUL) умяшаўся 23-га лютага ў працу 66-й сесіі Камітэта ААН па ліквідацыі ўсіх форм расавай дыскрымінацыі (CERD), якая праводзілася ў Жэневе. Камітэт пратэставаў супраць дыскрымінацыі носьбітаў розных мінарытарных моў з боку Французскай дзяржавы.
Прадстаўнікі Камітэта заявілі прэсе, што Францыя - розная дзяржава, але Францыя працягвае адмаўляць гэтую разнастайнасць на афіцыйным узроўні. У прыватнасці, Францыя адмаўляецца ратыфікаваць Еўрапейскую хартыю рэгіянальных і мінарытарных моў. Атрымліваецца, што басконская, каталанская і аксітанская мовы маюць афіцыйны статус у Іспаніі і Італіі, а ў Францыі не маюць афіцыйнай падтрымкі. Такая палітыка вядзе да знікнення моўнай разнастайнасці ў краіне.
Нядаўна ў Францыі адбыўся скандал у сувязі с публікацыяй даследавання ўрада Францыі, у якім робіцца спроба адвярнуць бацькоў ад навучання сваіх дзяцей на мясцовых мінарытарных мовах, паколькі такое навучанне зробіць іх дзяцей "крымінальнікамі" і прывядзе да "непажаданых паводзінаў".

Люты 2005 - Рэгіён Фрыулія-Венецыя Джулія адобрыў новы Асноўны закон на пачатку лютага, у якім мінарытарным груп надаецца недастатковая ўвага і нават ёсць дыскрымінацыйныя моманты ў адносінах да пэўных моўных супольнасцяў. Супраць выступілі мінарытарныя супольнасці рэгіёна. Улады паабяцалі разбіральніцтва.

Люты 2005 - Інстытут перакладу Бібліі падрыхтаваў і выпусціў у свет Евангелле ад Лукі на рутульскай мове - гэта першы пераклад біблейскага тэксту на мову рутульцаў. Як растлумачыла кіраўнік інфармацыйнага аддзела Інстытута перакладу Бібліі Наталля Гарбунова, рутульская мова належыць да лезгінскай групы нахка-дагестанскіх моў. Паводле дадзеных перапіса насельніцтва 2002 г., сёння ў Расейскай Федэрацыі жыве каля 30,000 рутульцаў. Яны жывуць у Рутульском раёне Дагестана, а таксама ў некалькіх паселішчах Шэкінскага і Кахскага раёнаў Азербайджана. Рутульская літаратурная мова ў цяперашні час находзіцца ў стадыі фармавання, паколькі яна набыла статус пісьмовай мовы толькі ў пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя.

Люты 2005 - Супрацоўнікі Ўніверсітэта Паўднёвай Каліфорніі распрацавалі новы тып праграмнага перакладніка, які выкарыстоўвае іншы, у адрозненне ад большасці існуючых аналагаў, прынцып працы. Шматлікія падобныя сістэмы працуюць на базе загадзя ўсталяваных праграмістамі правілаў перакладу асобных слоў і фраз. Распрацоўка Кевіна Найта і Дэніэла Марку з Інстытута інфармацыйных навук пры Ўніверсітэце Паўднёвай Каліфорніі выкарыстоўвае іншы, статыстычны метад. Праграма сама выпрацоўвае імавернасныя правілы аб словах, фразах і сінтаксічных структурах мовы. Скануючы ўжо перакладзеныя раней дакументы (як папяровыя, так і электронныя, або нават аўдыёзапісы), сістэма вылучае для сябе розныя параметры перакладу і ранжыруе іх у адпаведнасці з імавернаснымі паказнікамі.

Люты 2005 - Студэнты Бранскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Расеі рыхтуюцца да заканчэньня трэцяга курсу ў спэцыялізацыі “рэгіёназнаўства – Беларусь”. Беларусь вывучаецца як рэгіён Усходняй Эўропы: ад гісторыі і сучаснага палітычнага становішча да мовы і культуры. Беларускую мову ўсё больш вучыць у суседніх краінах. У людзей, якія нядаўна адкрылі Беларушчыну, захапленьне ператварылася ў хобі і нават прафэсію.
З двух дзесяткаў бранскіх студэнтаў, што абралі Беларусь як спэцыялізацыю, няма ніводнага чалавека зь беларускімі каранямі, і ніводзін перад вучобай не бываў у Беларусі, і ня чуў беларускую мову:
(Кацярына: ) “Мне вельмі падабаецца вывучэньне гэтай мовы. Я расейка, але я вывучаю гэтую мову. Тое, што жыхары не гавораць на гэтай мове, мяне вельмі зьдзівіла, і “огорчило” – забылася, як па-беларуску”.
З аддзяленьня рэгіёназнаўства юрыдычнага факультэту маюць выйсьці будучыя дыпляматы, мытнікі і нават спэцыялісты турбізнэсу.
(Яфімава: ) “Яны цікавяцца і палітычным становішчам. Я ім стараюся даць розныя бакі жыцьця Беларусі. Каб гэта не была толькі афіцыйная пазыцыя. Каб яны сабе ўяўлялі шматграннасьць Беларусі”.
Тлумачыць Алена Яфімава, выкладчыца бранскіх студэнтаў – палітыка-сацыяльных беларусазнаўцаў. Алена Яфімава – беларуска, выпускніца Беларускага Дзяржаўнага Ўнівэрсытэту, але апошнія дзесяць гадоў жыве ў Расеі. У навучаньні студэнтаў Алене Яфімавай дапамагаюць запрошаныя выкладчыкі Гомельскага ўнівэрсытэту:
(Яфімава: ) “Бачыце, мне крыху лягчэй, бо ў мяне расейскае грамадзянства. А ў гомельскіх выкладчыкаў беларускае грамадзянства. Мабыць, яны адчуваюць, што не ад сябе лекцыі чытаюць, а як прадстаўнікі краіны. І таму больш зьвяртаюць увагу на афіцыйнае. Але падкрэсьліваюць, што ня ўсё так адназначна”.
Студэнты Алены Яфімавай ведаюць пра гістарычныя працы Міколы Ермаловіча, пра тарашкевіцу, і пра сучасны культурніцкі андэграўнд Беларусі.
А вось польскага бізнэсоўца Ігара Зныка да беларушчыны прывёў шлюб з бабруйчанкай і беларуская музыка:
(Знык: ) “Першае, што я чуў – гэта быў “Народны Альбом”. Дзесьці я знайшоў касэтку, і гэта мне вельмі спадабалася. Пасьля я быў у Варшаве на канцэрце Касі Камоцкай. Там сустрэўся зь беларусамі, ну і так пачалося”.
Цяпер Ігар Знык арганізацыйна і матэрыяльна дапамагае беларускім канцэртам у Польшчы. Першай справай сталася леташняе запрашэньне навучэнцаў перасьледаванага ў Беларусі “Коласаўскага” ліцэю. Далей былі польскія выступы Касі Камоцкай і прэзэнтацыя фільму Віктара Корзуна “Вяртаньне” – пра пахаваньне Васіля Быкава, ды іншае.
А гісторыя 22-гадовага кіеўляніна Паўла Зулюка пачалася зь дзіцячай кніжкі, якую бацька прывёз з камандзіроўкі ў Менск.
(Зулюк: ) “Потым у Беларусі былі падзеі з масавымі выступамі апазыцыі. Іх вельмі часта паказвалі па тэлевізары ў 1990-х гадох. Гэта было ўсё вельмі цікава. У нас ва Ўкраіне было неяк сумна, а там было відаць, што людзі змагаюцца. Я хадзіў на пікетаваньне беларускай амбасады”.
Цяпер Паўло Зулюк вядомы як стваральнік інтэрнэт-сайту фанклюбу беларускага гурту NRM.
І студэнты Бранскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, і паляк Ігар Знык, і ўкраінец Паўло Зулюк упэўненыя, што іх яшчэ чакаюць цудоўныя адкрыцьці Беларушчыны. Такіх здабыткаў будзе тым болей, чым болей да захапленьня герояў гэтага рэпартажу далучыцца саміх беларусаў.

Люты 2005 - Як вядома, 21 лютага ў шматлікіх краінах бліжняга і дальняга замежжа святкуецца Міжнародны дзень роднай мовы. Адзначаецца ён і на Беларусі, але, на жаль, нe так масава, як хацелася бы.
І тым нe менш, у нашай краіне знайшліся людзі, якія вырашылі пашырыць вядомасць гэтага дню. Адпаведная ідэя належыць Маладзёвай ініцыятыве “Вока”, якая і правяла ў вышэйпазначаную дату акцыю, асноўнаю мэтаю якой было прыцягванне ўвагі моладзі да айчыннай культуры.
Што ж канкрэтна адбывалася? Напачатку з 18.00 ды 20.00 па найбольш шматлюдных месцах сталіцы (станцыі метро “Купалаўскай”, “Акадэмія навук”, Чыгуначны вакзал ды іншыя) актывісты МІ “Вока” ды проста людзі, якія неабыякава ставяцца да роднай мовы ў прыватнасці і культуры ў цэлым (50 чалавек) віншавалі пры дапамозе святочных улётак прахожых ды адначасова збіралі подпісы за беларусізацыю айчынных тэлеканалаў (за квоту ў 50% для беларускай мовы ў тэлеэфіру); з 20.00 да 20.10 ва універсаме “Цэнтральны” на праспекце Скарыны быў здзейснены своеасаблівы флэш-моб, на працягу якога ўдзельнікі пыталіся ў супрацоўнікаў крамы розныя харчовыя прадукты па-беларуску і віншавалі апошніх са святам 21 лютага.
Пасля гэтага а 20.30 прыхільнікі айчыннай культуры сабраліся ля помніку Максіма Багдановіча, усклалі кветкі ды праспявалі “Беларускія песні” на вершы паэта, пасля чаго разыйшліся.
(Алесь Мазанік - WWW.VOKA.TK)

Люты 2005 - У інтэрвію інтэрнэт-выданню Expatica.com глава EuroNews Філіп Кайла не выключыў магчымасці вяшчання на Беларусь і іншыя краіны Ўсходняй Еўропы: "Я веру, што Беларусь, Украіна, Балгарыя і Турцыя могуць стаць новымі чальцамі сям'і EuroNews для пашырэння вяшчання з Ліёна на большай колькасці моў".
EuroNews распачаў працу 12 гадоў назад і мае 8 мільёнаў гледачоў штодня. Вяшчанне вядзецца на сямі мовах: англійскай, французскай, нямецкай, італьянскай, партугальскай, расейскай і іспанскай.

Люты 2005 - Выснова Еўрапейскай парламенцкай інтэргрупы па пытаннях традыцыйных нацыянальных веншасцяў, канстытуцыйных рэгіёнаў і рэгіянальных моў выглядае недвухсэнсоўна і адзінадушна. Не забываючы пра трагічную гісторыю латышскага народа ў час савецкага панавання, зараз вельмі важна павярнуцца да сучаснасці і даць расейскамоўным грамадзянства і правы на адукацыю на роднай мове. Бакі таксама пагадзіліся, што важна добра валодаць і латышскай, дзяржаўнай мовай краіны.

Люты 2005 - Этнічныя азербайджанцы сцвярджаюць, што рэйды грузінскай фінансавай паліцыі несправядліва скіраваны на іх абшчыну. Пасля таго як на поўдні Грузіі была праведзена паліцэйская аперацыя па барацьбе з кантрабандай мясцовыя азербайджанцы, якія жывуць тут, цвердзяць, што яны падвергліся этнічнай дыскрымінацыі. На тыдзень таму азербайджанцы правялі акцыю пратэсту ў раённым цэнтры Гардабані ў сувязі з нездавальняючым графікам падачы электрычнасці, а потым пачалі казаць, што грузінскія ўлады дыскрымінуюць іх паводле этнічнай прыналежнасці, матывуючы, гэта тым, што пад прыкрыццём "антыкантрабандысцкай" аперацыі паліцыя знішчае іх бізнэс.
Азербайджанцы складаюць адну з буйнейшых мяншыняў Грузіі - каля 300,000 чалавек. Большасць жыве на ўсходзе краіны на мяжы з Азербайджанам і часта знаходзіцца ў ізаляцыі ад працэсаў у грузінскім грамадстве, паколькі мала хто ведае грузінскую.
У выніку правядзення аперацыі адбылася перастрэлка ў выніку якой былі паранены тры мясцовыя і некалькі паліцэйскіх. У адной з вёсак на паліцыю быў здзейснены напад з прымяненнем камянёў і "кактэйляў Молатава"

Люты 2005 - Біблія поўнасцю або часткова перакладзеная на 2377 моў народаў свету. Пра гэта паведаміў у суботу ў паўднёвагерманскім горадзе Штутгарце прадстаўнік Германскага Біблейскага таварыства. Паводле яго слоў, Кніга кніг застаецца самой друкуемай кнігай усіх часоў і народаў. На працягу 2003 г., абвешчанага міжнародным годам Бібліі, былі завершаны пераклады на 52 мовы, а ў 2004 г. - яшчэ на 22 мовы. Магчымасць далучыцца да Бібліі на сваёй роднай мове атрымалі прадстаўнікі такіх малых народнасцяў, як іракв (Танзанія), сгаў (Бірма) і гумуз (Эфіёпія). Па дадзеных Біблейскага таварыства, на сённяшні дзень Святое пісанне поўнасцю выдадзена на 422 мовах (у 2003 г. - 414). Пры гэтым пераклад Бібліі патрабуе сумесных высілкаў высокакваліфікаваных лінгвістаў і тэолагаў, а таксама сталых фінансавых выдаткаў. Між тым існуюць вялікія сумневы ў мэтазгоднасці падобных перакладаў. Бо некаторыя паняцці, выкарыстаныя ў Бібліі, не маюць аналагаў у мовах, якія захавалі першабытны лад жыцця плямёнаў, і іх даводзіцца кампенсаваць запазычаннямі з іншых моў.

Люты 2005 - 16-га лютага Нідэрланды ратыфікавалі Рамачную Канвенцыю па абароне нацыянальных мяншыняў (РКНМ). Канвенцыя для Нідэрландаў згадвае толькі фрызаў у якасці нацыянальнай мяншыні, пры гэтым з яе выпадаюць цыганы і сінты, якіх налічваецца каля 5000. Ратыфікаваўшы Канвенцыю краіна бярэ на сябе абавязак па ахове і развіццю культуры і мовы фрызаў. РКНМ уступіць у сілу 1-га чэрвеня 2005.
На сённяшні дзень з 46 сябраў Рады Еўропы толькі Турцыя, Манака, Андора і Францыя не толькі не ратыфікавалі, але і не падпісалі Канвенцыю.

Люты 2005 - Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сабрання ўключыла ў план законапраектных работ на 2006 год прапанову аб падрыхтоўцы змяненняў і дапаўненняў у дзейны закон Рэспублікі Беларусь аб мовах.
Як паведаміў БелаПАН старшыня рэспубліканскага грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" Алег Трусаў, ТБМ прапанавала парламентарыям унесці ў закон аб мовах дапаўненні, якія засноўваюцца на рашэнні Канстытуцыйнага суду ад 4 снежня 2003 года. "Гэтыя папраўкі дазволяць кожнаму жыхару краіны вольна карыстацца дзяржаўнай беларускай мовай пры звароце з любой пісьмовай дакументацыяй ва ўсіх установах, уключна з дзяржаўнымі сілавымі структурамі", — адзначыў А. Трусаў. Паводле яго слоў, унясенне дадзеных паправак дазволіць надаць беларускай мове "рэальны статут дзяржаўнай".
У лісце кіраўніцтву ТБМ ад 11 лютага старшыня сталай камісіі па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічнаму прагрэсу ніжняй палаты парламента Ўладзімір Здановіч, у прыватнасці, паведамляе, што "законапраектная дзейнасць у Рэспубліцы Беларусь будуецца ў адпаведнасці з планам законапраектных работ, які штогод зацвярджаецца ўказам прэзідэнта Рэспублікі Беларусь… Пры паступленні законапраекта ў Палату прадстаўнікоў ён ва ўстаноўленым парадку будзе разгледжаны на бліжэйшай сесіі".
У інтэрвію БелаПАН загадчык аддзела па забеспячэнні дзейнасці камісіі па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічнаму прагрэсу Палаты прадстаўнікоў Валеры Гамеза паведаміў, што хоць "мы ўключалі гэтую прапанову ў планы законапраектных работ на 2004 і 2005 гады, яна так і не была зацверджана".
Старшыня ТБМ выказаў задавальненне пазіцыяй ніжняй палаты парламента ў сувязі з намерам прыняцця новай рэдакцыі закона аб мовах. А. Трусаў спадзяецца, што ў парламентарыяў "хопіць настойлівасці давесці гэтую справу да канца".

Люты 2005 - Сінгапур плануе павялічыць колькасць грамадзян немалайскага паходжання, якія могуць вольна гаварыць на мове бахаса. На думку ўладаў, гэта лепшы шлях для умацавання сувязяў з Інданэзіяй і Малайзіяй. Аб гэтым паведаміў міністр-куратар Лі Куан Йев. Спадар Лі, бацька цяперашняга прэм'ер-міністра Лі Хсін Лунга і першы кіраўнік краіны, сказаў, што Міністэрства асветы Сінгапура разглядае пытанне пра ўвядзенне для вывучэння ў школах мовы бахаса як трэцяй пасля англійскай і роднай мовы. Мэта гэтага плану ў тым, каб мець хаця б 10-15% немалайцаў з ліку жыхароў Сінгапура, якія б размаўлялі альбо па-малайску, альбо на мове бахаса, на якой гавораць у Інданэзіі.

Люты 2005 - Украінскія чыноўнікі будуць мець зносіны з расейскамоўнымі грамадзянамі краіны на расейскай. Адпаведны ўказ падпісаў прэзідэнт Юшчанка. Дакумент павінен уступіць у сілу ўжо на гэтым тыдні. Як толькі гэта адбудзецца, усе службовыя асобы ва Ўкраіне будуць абавязаныя ведаць, акрамя ўкраінскай, яшчэ адну мову, на якой гавораць жыхары таго ці іншага рэгіёна.

Люты 2005 - Пасля перамоваў паміж прэзідэнтамі валенсійскага і каталанскага аўтаномных рэгіёнаў было дасягнута пагадненне ў моўным пытанні. У пагадненні гаворыцца, што розныя лінгвістычныя варыянты (каталанкі і валенсійскі) складаюць адну мову. Для гэтай мова маецца дзве законныя назвы: каталанская і валенсійская. У дакуменце прапісана і тое, што гістарычна мова валенсійцаў, з лінгвістычнага пункта гледжання, тая ж самая, што і мова каталонцаў і балеарцаў.

Люты 2005 - Спроба змяніць Канстытуцыю Францыі на карысць рэгіянальных і мінарытарных моў скончылася няўдачай. Прапанова па зменах тычыліся 2 артыкула Канстытуцыі, у якім прапісана, што "мовай Рэспублікі з'яўляецца французская", і артыкула 53, куды прапаноўвалася ўнесці сказ пра ратыфікацыю Еўрапейскай хартыі Рэгіянальных і менш ужывальных моў.

Люты 2005 - 25 студзеня кароль Бельгіі Альберт ІІ звярнуўся да фламандскамоўнай і франкамоўнай абшчын краіны з заклікам выявіць разуменне. Гэта было выклікана напружанасцю ў адносінах паміж дзвюма абшчынамі. Такая сітуацыя склалася ў выніку таго, што фламандскія фракцыі ў парламенце запатрабавалі два "памежныя" муніцыпалітэты (Hal і Vilvoorde), якія зараз належаць Бруселю. Супраць выступілі франкамоўныя.
Бельгійская палітычная сістэта вызначаецца складанасцю. Суіснаванне ў краіне дзвюх моўных абшчын - нідэрландскамоўных і франкамоўных - заўсёды было прычынай канфліктаў. Дзяржаўныя структуры былі створаны такім чынам, каб гарантаваць роўны статус абедзвюм абшчынам: ёсць, напрыклад, дзве лінгвістычныя групоўкі ў парламенце і законы прыймаюцца ў тых выпадках, калі за іх галасуе бальшыня ў кожнай з груп. Бельгія - федэральная краіна і кожная абшчына і рэгіён маюць свае рады і ўрады, якія выпрацоўваюць свае мясцовыя законы.



Архіў - 2002 / студзень-люты 2003 / 2004 г. /